Самалёт чарнагорскай авіякампаніі заляцеў у Літву праз паветраную прастору Беларусі


Пілоты рэйсу чарнагорскай авіякампаніі «Air Montenegro» з нумарам 4O-AOA 12 чэрвеня насуперак забароне Літвы, праляцелі над тэрыторыяй Беларусі і зайшлі ў паветраную прастору Літвы менавіта з боку РБ. Гэта заўважылі аўтары тэлеграм-каналу «МотолькоПомоги».

Маршрут рэйсу чарнагорскай авіякампаніі, пілоты якога 12 чэрвеня праляцелі над тэрыторыяй Беларусі. Крыніца: motolkohelp / Telegram

Самалёт ляцеў маршрутам Тыват – Вільня і прызямліўся ў літоўскай сталіцы а 10-й гадзіне.

Яшчэ ў 2021 годзе літоўскія ўлады забаранілі авіякампаніям вылеты і прылёты ў свае аэрапорты, калі рэйс выконваецца праз паветраную прастору Беларусі. Гэта стала вынікам прымусовай пасадкі ў Менску самалёта «Ryanair» у траўні 2021 года, на барту якога былі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Пасля гэтага шэраг еўрапейскіх краінаў увялі падобную забарону.

Рэйс MNE2468 Тыват – Вільня чартарны і быў запушчаны зусім нядаўна – напрыканцы траўня. На гэты момант паводле такога маршруту было выканана ўжо пяць рэйсаў, і раней у беларускае паветра самалёты чарнагорскай кампаніі не заляталі. Папярэдне вядома, што пілоты скарацілі шлях не праз дрэнныя ўмовы надворʼя або нейкія форс-мажорныя абставіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў