Міністэрства антыманапольнага рэгулявання зрабіла папярэджанне Міністэрству аховы здароўя і запатрабавала адмяніць некаторыя абмежаванні, якія мелі зʼявіцца ў працы прыватных аптэк. Тэкст папярэджання апублікаваны на сайце МАРГ.
11 траўня МАРГ вынесла папярэджанне Міністэрству аховы здароўя, у якім запатрабавала да 30 траўня скасаваць некаторыя дзейныя з сакавіка абмежаванні аб размяшчэнні новых аптэк, а таксама забарону на рэалізацыю ў прыватных аптэках пятай катэгорыі рэцэптурных лекавых прэпаратаў, якая ўступіла ў сілу 1 чэрвеня.
У прынятых Міністэрствам аховы здароўя яшчэ ўзімку дапаўненнях да нарматыўных дакументаў, якія рэгулююць дзейнасць аптэк, МАРГ угледзела прыкметы парушэння закону «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі» – пункт аб рэалізацыі лекаў паводле рэцэптаў названы ў папярэджанні міністэрства дыскрымінацыйным.
Папярэджанне вынесенае за тры тыдні да моманту, калі забарона на продаж лекаў паводле рэцэптаў у прыватных аптэках павінна была пачаць дзеяць на поўную моц.
Раней паведамлялася, што з 1 чэрвеня павінна была ўступіць у сілу пастанова Міністэрства аховы здароўя, прынятая ў канцы студзеня. Сутнасць зменаў: аптэкі пятай катэгорыі не маглі прадаваць лекі паводле рэцэптаў. Апроч таго, збіраліся ўвесці новыя патрабаванні, якія маглі паўплываць на колькасць аптэк.
У прыватнасці, уводзілася правіла «ў адным будынку – адна аптэка», размяшчаць іх можна было б толькі ў нежылых памяшканнях і пры ўмове, што на адлегласці 500 метраў у любы бок няма іншых аптэк. Для адкрыцця аптэкі пятай катэгорыі трэба было б мець у распараджэнні памяшканне не менш за 15 квадратных метраў і аптэку больш высокай катэгорыі ў тым жа населеным пункце. Адкрыць аптэку першай катэгорыі можна было толькі ў памяшканні не менш за 100 квадратных метраў, а аптэку другой катэгорыі – у памяшканні не менш за 60 квадратных метраў. Гэтыя патрабаванні датычылі прыватных аптэк, пачынаючы з 1 сакавіка 2023 года. Для дзяржаўных аптэк нічога не мянялася.
Прагназавалася, што з-за новых патрабаванняў паменшылася б колькасць аптэк найперш у невялікіх населеных пунктах, дзе вялікую аптэку трымаць не выгадна.
У Беларусі працуе каля 3600 аптэк. Колькасць дзяржаўных і прыватных аптэк прыкладна аднолькавая.
Антон Тачняк belsat.eu