Узброеныя сілы ЗША рыхтуюцца да нападу Ірану на Ізраіль, які можа адбыцца ў бліжэйшыя гадзіны


Узброеныя сілы ЗША перамясцілі свае сілы на Блізкі Усход, каб падрыхтавацца да нападу Ірану на Ізраіль, які можа адбыцца ўжо ў пятніцу 12 красавіка, паведамляе The Telegraph.

Іранскія ракеты «Zolfaghar».
Фота: Tasnim News Agency / wikipedia.org

Джон Кірбі, дарадца Белага дому па нацыянальнай бяспецы, заявіў, што былі зробленыя «змяненні ў пазіцыі сілаў», каб гарантаваць, што ЗША «належным чынам падрыхтаваныя» да любога нападу Ірану.

Кірбі адмовіўся даць больш падрабязную інфармацыю аб асаблівасцях разгортвання сілаў. Вядома, што авіяносец USS Eisenhower цяпер знаходзіцца ў Чырвоным моры разам з іншымі сіламі ВМС у Міжземным моры.

Белы дом ацэньвае пагрозу Ірану для Ізраілю як «жыццяздольную» і «сур’ёзную», а напад як «непазбежны».

«Я не магу казаць пра тое, што кажа нам карціна разведкі з пункту гледжання памеру, маштабу і размаху таго, як можа выглядаць гэтая атака, за выключэннем таго, што мы ўспрымаем гэта сур’ёзна», – сказаў Джон Кірбі.

Hавiны
Іран раздумаў ваяваць з Ізраілем? Паабяцаў ЗША пазбягаць эскалацыі
2024.04.12 07:30

На пытанне журналістаў аб тым, чаму ЗША не апублікавалі больш падрабязную інфармацыю разведкі, як гэта было напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, чыноўнік сказаў, што Беламу дому «зручна» паведамленне, якое ён выпусціў, і што ён не будзе «сядзець склаўшы рукі».

«Гэта сурʼёзная пагроза. Мы ўспрымаем гэта сурʼёзна і лічым, што лепш за ўсё, каб гэтыя размовы адбываліся далей ад вачэй грамадскасці, каб мы маглі пераканацца, што Ізраіль максімальна падрыхтаваны», – сказаў дарадца Белага дому.

Ізраіль таксама рыхтуецца да нападу Ірану, які можа задзейнічаць больш за 100 беспілотнікаў і дзясяткі ракетаў на працягу наступных 48 гадзінаў, паведамляюць CBS і Bloomberg са спасылкай на звесткі амерыканскай разведкі.

Крыніцы Bloomberg кажуць, аднак, што выкарыстанне ракетаў і беспілотнікаў яшчэ не ўхвалена высокапастаўленымі чыноўнікамі Тэгерану. Незразумела, ці атака будзе адбывацца наўпрост з Ірану ці праз проксі-групы ў рэгіёне.

Удар з Ірану можа стаць беспрэцэдэнтным і рызыкуе ўцягнуць Блізкі Усход у новую вайну.

Hавiны
«Bloomberg»: ЗША лічаць напад Ірану на Ізраіль непазбежным
2024.04.11 09:45

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў