Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Польшчы. Казала пра візы, санкцыі, палітвязняў


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 12 красавіка працягнула візіт у Грэцыю. Падчас Дэльфійскага эканамічнага форуму яна сустрэлася з міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім, расказала прэс-служба Офісу Ціханоўскай.

Радослаў Сікорскі сустрэўся са Святланай Ціханоўскай
Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі сустрэўся са Святланаю Ціханоўскаю на Дэльфійскім эканамічным форуме, Грэцыя. 12 красавіка 2024 года.
Фота: прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская падзякавала Радаславу Сікорскаму за «моцны голас на падтрыманне свабоднай Беларусі на міжнароднай арэне», за непрызнанне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дапамогу беларусам у Польшчы.

Ціханоўская абмеркавала з Сікорскім прапановы, складзеныя разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам і Народным антыкрызісным упраўленнем. Размаўлялі пра наступнае:

  • ваенна-палітычная сітуацыя ў Беларусі, апошнія пагрозы Лукашэнкі ў бок Польшчы; пастаўкі рэжымам узбраенняў для расейскай арміі;
  • праблемы з атрыманнем польскіх візаў для беларусаў у краіне, а таксама ў трэціх краінах, дзе жывуць беларусы;
  • пашырэнне практыкі выдачы палітычнага прытулку беларусам, якія не могуць вярнуцца на радзіму;
  • працяг падтрымання польскім урадам тэлеканалу «‎Белсат»‎, незалежных медыяў, грамадзянскай супольнасці;
  • узмацненне санкцыйнага ціску і абмежаванне транзіту падсанкцыйных тавараў праз беларуска-польскую мяжу; прыцягненне рэжыму да адказнасці;
  • магчымыя крокі для вызвалення палітзняволеных — асобна абмеркавалі лёс Анджэя Пачобута, а таксама смерць Аляксандра Кулініча;
  • фармалізацыя стасункаў з Аб’яднаным пераходным кабінетам; стварэнне міжведамаснай працоўнай групы ў пытаннях Беларусі і беларусаў;
  • правядзенне польска-беларускай канферэнцыі імя Касцюшкі для ўмацавання польска-беларускіх сувязяў і выпрацоўвання стратэгіі наконт Беларусі;
  • удзел дэмакратычных сілаў у праграме «‎Усходняе партнёрства», а таксама іншых міжнародных фарматах.

Ціханоўская ў Грэцыі таксама выступіла на геапалітычнай секцыі Дэльфійскага форуму і слуханнях у Камітэце замежных справаў парламенту Грэцыі, сустракалася з былым сталым прадстаўніком Злучаных Штатаў у NATO і з былою спецпрадстаўніцаю ЗША ў справе Беларусі, а таксама з вядомым балгарскім палітолагам Іванам Крыстэвам, адным з заснавальнікаў Еўрапейскай рады міжнародных стасункаў.

Ціханоўская таксама сустрэлася з былым прэм’ер-міністрам Грэцыі Георгіёсам Папандрэў, праўнукам паўстанца 1863 года Зыгмунта Мінейкі. Яна перадала праўнуку паўстанца радавод, здымкі ягоных продкаў, матэрыялы пра беларускі маёнтак і кнігу мемуараў прадзеда.

У планах візіту – сустрэча з прэзідэнтам Грэцыі і мэрам Афінаў.

Hавiны
Ціханоўская выступіла на Дэльфійскім форуме ў Грэцыі. Казала пра палітвязняў і геапалітыку
2024.04.12 09:51

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў