Сусветны банк крыху палепшыў прагноз для Беларусі. Лічбы ўсё адно змрочныя


Згодна з новым прагнозам Сусветнага банку, Беларусь чакае стагнацыя – нават горшая, чымся ў Расеі. Паказнікі крыху палепшыліся са студзеньскага прагнозу, але яны выглядаюць усё яшчэ кепска на фоне іншых краінаў рэгіёну.

Паводле Сусветнага банку, у 2022 годзе ў Беларусі рэальны валавы ўнутраны прадукт у рынкавых цэнах знізіўся на 4,7 %. У 2023 годзе рост рэальнага ВУП Беларусі ацанілі на 3,9 %. На 2024 год прагназуюць рост на 1,2 % – гэта значыць, вяртанне ВУП на ўзровень 100,2 % ад таго ў 2021-м. На 2025-ы прагназуюць рост ВУП на яшчэ 0,7 %, на 2026-ы – на 0,5 %.

Ранейшы прагноз, зроблены ў студзені, паказваў горшую ацэнку. З таго часу Беларусі дадалі 0,9 адсоткавага пункту ў 2023 год і 0,4 адсоткавага пункту ў прагноз на 2024-ы, але аднялі 0,1 ад прагнозу на 2025-ы.

Цяпер у прагнозе на 2024-ы Беларусь мае найгоршы паказнік у краінах Паўднёвай і Усходняй Еўропы, а таксама Цэнтральнай Азіі. Расеі і Малдове прагназуюць рост ВУП на 2,2 %, Балгарыі – на 2,1 %.

Улады Беларусі куды больш аптымістычныя: на 2024 год плануюць рост ВУП на 3,8 % – большы, чымся Сусветны банк прагназуе для Польшчы.

У прагнозе таксама адзначаюць, што ў Беларусі гадавы рост цэнаў на харчы склаў у лютым 2024 года 6,2 % у параўнанні з менш як 4 % у другой палове мінулага года. На 2024-ы інфляцыю прагназуюць на ўзроўні 7,4 %, на 2025-ы – 6,1 %, на 2026-ы – 5,8 %.

Hавiны
У BEROC мяркуюць, што ўлады Беларусі не здолеюць выканаць прагноз росту ВУП
2024.02.08 19:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў