Фільмы, што выходзяць у пракат на гэтым тыдні


Анна Карэніна

Адзін з самых кранальных твораў літаратуры 19-га стагоддзя – у галівудскай версіі. У беларускі пракат выходзіць стужка “Анна Карэніна”, знятая англійскім рэжысёрам Джоў Райтам паводле славутага раману Льва Талстога. У галоўную гераіню ўвасобілася Кіра Найтлі, а ролю ейнага каханка, Аляксея Вронскага, выканаў 22-гадовы Эран Тэйлар-Джонсан.

Гісторыю трагічнага кахання замужняе Анны Карэнінай да маладога афіцэра графа Вронскага для стужкі адаптаваў Том Стопард. У інтэрпрэтацыі Райта экранізацыя захапіла крытыкаў не толькі акторскаю ігрою, але і шыкоўнымі касцюмамі ды дэкарацыямі. Здымкі стужкі працягваліся каля года, часткова фільм знялі ў Расеі, у Карэліі ды на выспе Кіжы. У фільме таксама зняліся Джуд Ло і Келі Макдоналд .

{movie}Агляд падзеяў культуры (09.01.2013) |right|8479{/movie}

Джэк Рычэр

І яшчэ адна новая галівудская стужка – трылер “Джэк Рычэр” рэжысёра Крыстафэра МакКўоры з Томам Крузам у галоўнай ролі. Снайпер забівае 5 выпадковых мінакоў на вуліцы, але ўсе доказы ўказваюць на чалавека, якога ўтрымліваюць пад вартаю. Паліцыя ладзіць допыт, на якім падазраваны просіць толькі пра адно: знайсці чалавека на імя Джэк Рычэр. Стужка знятая паводле раману Лі Чайлда.

Дублёр

З заўтрашняга таксама можна паглядзець расейскую камедыю “Дублёр” з Аляксандрам Рэвам у галоўнай ролі. Герой стужкі – зорка шоу-бізнесу, у якога зусім няма часу на сям’ю. Кожны дзень ён мусіць з’яўляцца на прэзентацыях, карпаратывах і свецкіх раўтах. Выйсце з гэтай сітуацыі ёсць, але ці яно ўдалае?

Іншыя тэмы: мовы плямёнаў Тайваню – пад пагрозаю знікнення. Ва Украіне зладзілі першую на свеце выставу замарожаных кветак.

belsat.eu

Стужка навінаў