Белсатаўцы пішуць палітвязням: Паштоўка Дашкевічу


«Белсат» працягвае марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Журналіст і вядоўца «Белсату» Валер Руселік падпісаў паштоўку да Змітра Дашкевіча, якога трымаюць у гарадзенскай турме.

Першую крымінальную справу супраць Змітра Дашкевіча завялі за ягоную грамадскую дзейнасць у шэрагах арганізацыі «Малады фронт» – актывіст трапіў за краты. У 2010 годзе яго прэвентыўна арыштавалі перад Плошчаю і абвінавацілі ў нападзе на двух мінакоў. Праваабаронцы і паплечнікі Дашкевіча не сумняюцца, што справу сфабрыкавалі, а за краты моладзевы лідар трапіў праз свае перакананні.

«Часам грызе дэпрэсія і нявер’е. Але ў гэткія моманты заўжды згадваецца, што ёсць гэткі смелы і адважны хлопец – Зміцер Дашкевіч, які трывае непараўнальна большы цяжар і супрацьстаіць усёй гэтай набрыдзі. І тады, як святло ў цемры, з’яўляецца ўпэўненасць у тым, што аднойчы цемра адыдзе канчаткова. Дзякуй табе за прыклад мужнасці і веры. Трымайся, браце!», – напісаў да палітвязня Валер Руселік.

Ліст – самы просты і, бадай, адзіны спосаб кантакту з палітвязнямі. Паштоўкі асуджаным паводле палітычных матываў дасылаюць журналісты і вядоўцы «Белсату». Далучыся да іх і ты!

belsat.eu

Стужка навінаў