Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу – 50 гадоў


Ветэран афганскай кампаніі, ваўкавыскі прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст сустрэне чарговы дзень народзінаў за кратамі гарадзенскай турмы. Яго дагэтуль добра памятаюць жыхары Ваўкавыску, а маці чакае вяртання сына, хоць і не спадзяецца на датэрміновае вызваленне.

Лілія Аўтуховіч з гонарам узгадвае, што Мікалай усяго дамогся сам і ніколі не адмаўляў у дапамозе іншым. Але ўсім не дагодзіш, кажа яна. {movie}Лілія Аўтуховіч: сын ня ведаў, ці выжыве у галадоўку|right|8425{/movie}

«Калі прыехалі, кайданкі надзелі, то што ж ён мог зрабіць? Вось і мучаць дагэтуль. Я нават нічога не ведаю пра ягонае здароўе пасля галадоўкі, бо не бачыла яго. Якое там здароўе пасля трох месяцаў галадоўкі… Калі ён паўгадзіны толькі сонейка бачыць на дзень. Ён у мяне моцны, але ж ён і сам не ведаў, ці выжыве. Але гэта толькі дзякуючы людзям, што пра яго памятаюць, бо ён ніколі нікому не рабіў злога», – паведамляе маці вязня.

«Белсат» запытаў жыхароў Ваўкавыску, ці памятаюць яны Мікалая Аўтуховіча, ці ведаюць, што з ім цяпер, і чаго б пажадалі ў дзень народзінаў. Большасць апытаных дагэтуль узгадваюць палітвязня добрымі словамі, але некаторыя нават не ведалі, што ён трапіў за краты. {movie}Ваўкавыск: ці памятаеце Аўтуховіча?|right|8426{/movie}

Упершыню Мікалая Аўтуховіча зняволілі 15 кастрычніка 2005 года на тры з паловаю гады з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама – у ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Праваабаронцы звярталі ўвагу на шматлікія парушэнні падчас працэсу. Пасля жорсткіх эканамічных санкцыяў ЗША ды Еўразвязу Аўтуховіч выйшаў на свабоду.

Другі раз Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года. У траўні наступнага года Вярхоўны Суд Беларусі прыгаварыў яго да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму за захоўванне пяці набояў да паляўнічай стрэльбы.

17 снежня мінулага года суд прызнаў палітвязня «зацятым парушальнікам рэжыму», з івацэвіцкай калоніі яго перавялі ў гарадзенскую турму.

Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся на Каляды, у 1981 годзе служыў кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння ў Расеі, у Саратаўскай вобласці. Пасля школы прапаршчыкаў, пайшоў добраахвотнікам у Афганістан. За ахову маста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі – «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў Ваўкавыску старшым прапаршчыкам, дзе і стаў займацца бізнесам.

Напісаць ліст Мікалаю Аўтуховічу можна на адрас: 230023, Горадня, вул. Кірава 1, турма № 1, або выслаць тэлеграму, патэлефанаваўшы з гарадскога тэлефона на нумар 166.

belsat.eu

Стужка навінаў