Радыё «Беларусь» загаварыла па-кітайску


З пачатку гэтага года міжнароднае радыё «Беларусь» пачало трансляцыю на кітайскай мове ў межах новай праграмы «Ваш сябар – Беларусь», паведаміў галоўны дырэктар радыёстанцыі Навум Гальпяровіч.

Штотыднёвая праграма «Ваш сябар – Беларусь» прысвечаная стасункам Беларусі з Кітайскаю Народнаю Рэспублікай, у тым ліку супольным праектам у эканоміцы ды іншых сферах, а таксама кантактам грамадзянаў абедзвюх краінаў. «У творчую групу, што рыхтуе праграму да эфіру, разам з беларускімі журналістамі ўваходзяць і кітайскія калегі, якія працуюць у нашай краіне», – паведаміў Гальпяровіч.

Структурная адзінка беларускай Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі міжнароднае радыё «Беларусь» пачало трансляцыю ў 1962 годзе. Пачаткова праграмы гучалі выключна на беларускай мове. З 1985 года стартавала трансляцыя на нямецкай мове, з 1998 года – на расейскай і англійскай, з 2006-га – на польскай, з 2010 года – на французскай ды іспанскай мовах.

Кітайская Народная Рэспубліка выступае адным з асноўных інвестараў у гаспадарку Беларусі. У Смалявіцкім раёне, да прыкладу, мае паўстаць вялізны кітайскі індустрыйны парк. Пад канец 2012 года Лукашэнка паведаміў, што Кітай даў Беларусі чарговы крэдыт на $ 1 млрд.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў