Патрэбныя мантажнікі ды электразваршчыкі. Заробак – ад 16 млн


Каму ў Беларусі гатовыя плаціць больш за $ 2 тыс. за месяц?

Дзеля таго, каб зарабіць такія грошы, нават не маючы вышэйшай адукацыі, давядзецца спакаваць чамаданы. ААТ «Белэнергарамналадка» ўсё ніяк не можа знайсці электразваршчыкаў ручной зваркі, гатовых папрацаваць у расейскім горадзе Брацку (Іркуцкая вобласць). Заробак – Br 17 млн.

ААТ «Трэст Белсантэхмантаж № 1» шукае 20 мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэмаў і абсталявання 3–6 разрадаў для камандзіровак у Каракас і наваколле. Заробак – Br 18 млн, адукацыя можа быць «агульная сярэдняя». Магілёўскі філіял гэтай жа арганізацыі таксама шукае мантажнікаў для ваяжаў у Венесуэлу. Тут плацяць яшчэ больш – Br 19 млн плюс «аднаразовае харчаванне, пражыванне і пералёт туды і назад».

Менскі аб’яднаны спартовы клуб Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі шукае інструктара-метадыста фізкультурна-аздараўленчай і спартова-масавай працы. Патрабаванне – «адукацыя БДУФК». Заробак гарантуюць крыху большы за $ 2000 – Br 18 млн.

Для тых, хто хоча атрымліваць ад Br 16 млн за месяц, у базах Менгарвыканкаму і Міністэрства працы ёсць два актуальныя варыянты. Прыватнае прадпрыемства «Транстехноснаб» шукае намесніка дырэктара ў эканамічных пытаннях з веданнем літоўскай мовы. А гандбольнаму клубу «Динамо-Минск» патрэбныя 8 спартоўцаў-інструктараў. Кожнаму абяцаюць па 16 млн. Кандыдатаў на такі заробак тут шукаюць з лета.

Br 12 млн за месяц сваім працаўнікам гатовыя плаціць адразу некалькі кампаніяў. ТДА «Дамінантафарм» – галоўнаму бухгалтару, «Уруччагандаль» – мулярам, бетоншчыкам і цеслярам, «Горадняжылбуд» – малярам.

Паволе onliner.by

Стужка навінаў