Ці чакаць чарговых малочна-мясных канфліктаў з Расеяй?


Беларусь просіць павялічыць і так перавышаныя памеры паставак мяса і малака ў Расею.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі РФ Ілля Шастакоў зазначае, што Масква магла б у чымсьці пайсці насустрач, аднак настойвае на выкананні дамоўленасцяў з боку краіны-партнёра. «Нашую занепакоенасць выклікае істотнае перавышэнне ўзгодненых аб’ёмаў паставак малочнай і мясной прадукцыі з Беларусі», – падкрэсліў ён.

У прыватнасці, пры вызначаным на 2012 г. аб’ёме ўвозу малочнай прадукцыі 3,7 млн тонаў фактычны аб’ём паставак склаў, паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі Расейскай Федэрацыі, 4,1 млн тонаў, да таго ж назіраецца «частковы дэмпінг» – продаж тавараў па штучна заніжаных цэнах. У выніку расейскія прадукты трацяць канкурэнтаздольнасць.

Пастаўкі сухога суцэльнага малака замест узгодненых 14 тыс. тонаў сёлета склалі 26 тыс. тонаў
. «Мы таксама завастрылі ўвагу беларускіх калегаў на шматразовым перавышэнні ўзгодненых аб’ёмаў паставак сухой малочнай сыроваткі: узгоднена 14 тыс. тонаў, цяпер ужо пастаўлена 72 тыс. Яны на сустрэчы паабяцалі, што гэтую сітуацыю возьмуць пад асаблівы кантроль і далей будуць пастаўляць выключна ў рамках узгодненых аб’ёмаў», – паведаміў Ілля Шастакоў.

Расейскае Міністэрства сельскай гаспадаркі таксама адзначае, што пастаўкі мяса пры ўзгодненым аб’ёме 170 тыс. тонаў ужо склалі 332 тыс. тонаў. Аб’ём увозу мяса птушкі перавышае ўзгоднены аб’ём у шэсць разоў, свініны – у 2,5 разы, у значным аб’ёме ўвозяцца мясапрадукты. Пры гэтым расейскі бок сумняецца, што ўсё мяса, якое ўвозіцца з Беларусі, мае адпаведнае паходжанне.

«З аднаго боку, Беларусь просіць павялічыць ім імпартныя квоты на пастаўкі мяса з трэціх краінаў. З іншага боку, мы бачым, што гэтае мяса або шляхам замяшчэння, або транзітам ідзе да нас. І мы чулі заявы неафіцыйных асобаў, што ім гэта вельмі выгадна», – заявіў Шастакоў.

І калі ў дачыненні паставак малака беларускі бок чарговы раз запэўніў у сваёй гатоўнасці разабрацца з сітуацыяй, то інфармацыю аб праблемах з імпартам мяса толькі прыняў да ведама. «Беларускі бок спасылаецца на тое, што доля яго паставак у агульным аб’ёме імпарту мясной прадукцыі РФ не такая значная», – растлумачыў чыноўнік. Расея лічыць такое стаўленне не вельмі партнёрскім. «Калі нашыя калегі не будуць рабіць захады, тады мы будзем ставіць пытанне пра скарачэнне імпартных квотаў на пастаўку мяса для Беларусі. Імпартная квота неабходная для таго, каб запоўніць дэфіцыт, а не каб гэтае мяса перапраўляць у РФ», – заявіў ён.

Усе праблемныя пытанні аграрныя міністэрствы дзвюх краінаў вырашылі абмеркаваць на супольнай калегіі. «Папярэдне дамовіліся правесці яе ў лютым у Беларусі. На гэтай калегіі мы таксама будзем узгадняць баланс», – паведаміў Шастакоў.

Паводле яго, Менск прапаноўвае на наступны год павялічыць аб’ёмы паставак мяса і малака ў Расею, прычым павялічыць не проста ў адносінах да ўзгодненых на 2012 г. аб’ёмаў, а да фактычных аб’ёмаў паставак і на «дзясяткі адсоткаў». «Але тут будзем адстойваць пазіцыю расейскіх вытворцаў. Мы не супраць павелічэння паставак, але, па-першае, яно не павінна ісці такімі тэмпамі, а па-другое, нашыя партнёры павінны ісці ў рамках ўзгодненых аб’ёмаў, каб наш рынак мог разумець, якія дадатковыя аб’ёмы паступаюць на расейскі рынак», – падкрэсліў суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў