Мясніковіч нафты не выпрасіў, сёння паспрабуе Лукашэнка


Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў пацвердзіў інфармацыю пра сустрэчу кіраўніка Беларусі і Уладзіміра Пуціна.

Раней прэзідэнты краінаў прысутнічалі ў Ашгабаце на паседжанні лідараў краінаў СНД, аднак паразмаўляць сам-насам чамусьці не атрымалася.

Беларусь і Расея пакуль не падпісалі балансу па пастаўках нафты і нафтапрадуктаў на 2013 г. 11 снежня Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што гэтае пытанне ўдасца развязаць цягам «бліжэйшых аднаго-двух тыдняў».

«Думаю, што мы дамовімся пра 23 млн тонаў, – сказаў тады ён. – Ёсць адзіная праблема, тэхнічная: ці змогуць такі аб’ём паставіць па трубе? Прыкладна 22 млн тонаў змогуць, а 1 млн тонаў мы гатовыя паставіць чыгуначным транспартам. Хоць даходнасць там будзе меншая, але прададзім гэты бензін на Захад, там кошты вышэйшыя, будзе для нас больш выгадна».

Расея, паводле Лукашэнкі, згодная на пастаўку 23 млн тонаў нафты на ўмовах ўзаемнай пастаўкі Беларуссю высокаактанавага бензіну. Такія ўмовы прымальныя для Беларусі, сказаў кіраўнік дзяржавы. І дадаў: «Хоць гэта супярэчыць духу Адзінай эканамічнай прасторы і саюзу, які мы будуем, – тут павінна быць свабода перамяшчэння тавараў».

У сваю чаргу Аляксандр Сурыкаў аспрэчвае словы кіраўніка Беларусі.

«У мяне няма прагнозаў, бо не я вызначаю лічбы балансу. Але гэтае пытанне пакуль не ўзгодненае, – сказаў ён. – Беларусь просіць 23 млн тонаў, мы пакуль згаджаемся на 18,5 млн тонаў нафты. Я ведаю, што ўнутраныя патрэбы Беларусі ацэньваюць на 7–8 млн тонаў. Што пастаўляецца звыш гэтых аб’ёмаў, дае схаваныя страты расейскага бюджэту», – кажа пасол.

Сурыкаў заявіў, што Расея надалей будзе намагацца вяртання 1,5 млрд долараў за экспарт растваральнікаў з расейскай нафты. Паводле дыпламата, «крыўдна Расейскай Федэрацыі, што да нас гэткім чынам можна ставіцца». Ён падкрэслівае, што праблемы з сёлетнімі перамовамі пра пастаўкі нафты ў Беларусь звязаныя выключна са справаю растваральнікаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары