Аляксандр Лукашэнка падпісаў «прыгонны дэкрэт» (+ спіс прадпрыемстваў)


Працаўнікі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў не толькі не могуць звольніцца без згоды кіраўніцтва, але і будуць вымушаныя вяртаць грошы, калі іх звольняць за парушэнне працоўнай дысцыпліны ці з іншых прычынаў.

Поўны тэкст дэкрэту № 9, які ўводзіць новыя нормы, апублікавала дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. Паводле дакументу, усе працаўнікі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў пераводзяцца на кантракт. «Скасаванне кантракту ў перыяд рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з ініцыятывы працаўніка базавай арганізацыі магчымае толькі са згоды наймальніка»,– адзначаецца ў п. 1.2 дэкрэту.

Дзеянне акту ахоплівае наступныя прадпрыемствы:

  • «Барысаўдрэў»
  • «Віцебскдрэў»
  • «Гомельдрэў»
  • «Івацэвічдрэў»
  • «Мастоўдрэў»
  • «Рэчыцадрэў»
  • «ФанДОК» (Бабруйск)
  • «Магілёўдрэў»
  • Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат

Згодна з дэкрэтам, працаўнікі гэтых прадпрыемстваў маюць атрымліваць, апроч заробкаў, яшчэ і штомесячныя дадатковыя выплаты «ў памеры, які вызначае наймальнік». Гэтыя дадатковыя грошы цягам месяца давядзецца вяртаць прадпрыемству, калі кантракт будзе скасаваны з ініцыятывы наймальніка «ці праз абставіны, што не залежаць ад волі бакоў». Калі звольнены працаўнік не выплаціць гэтых грошай, суд можа змусіць яго працаўладкавацца, і сумы будуць вылічвацца з заробку з месца новай працы.

Зміцер Ягораў
belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары