Карупцыйны затор


На беларуска-літоўскай мяжы – чарга з 600 цяжкавікоў.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, каб дапамагчы літоўскаму боку аднавіць нармальную працу пункту пропуску «Мядзінінкай», просіць грузаперавозчыкаў пераарыентавацца на іншыя пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар беларускага памежнага ведамства Аляксандр Цішчанка.

Паводле Цішчанкі, 5 снежня з 7:00 да 12:00 аформленыя на выезд з Беларусі праз «Каменны Лог» цяжкавікі, якія трапілі ў накапляльнік перад «Мядзінінкаем», мытнае афармленне на ўезд у Літву не праходзілі. Паводле звестак на 12:30, чарга з аўтапаяздоў у бок Літвы складала каля 8 км. Раніцаю 6 снежня – 8–10 км. У чарзе стаяць каля 600 цяжкавікоў.

Павальная карупцыя?

Складаная сітуацыя ў «Мядзінінкаі» ўзнікла 5 снежня пасля таго, як паводле падазрэння ў атрыманні хабару былі затрыманыя 29 мытнікаў гэтага пункту пропуску.

Як паведамляе ru.delfi.lt, некалькі чалавек затрымалі 4 снежня, яшчэ 21 мытніка – раніцаю 5 снежня. «Адных затрымалі на пасту, другіх – калі яны прыехалі на працу, трэціх – дома. Мытны дэпартамент валодаў інфармацыяй пра тое, што некаторыя мытнікі бралі з кіроўцаў вялікагрузных машынаў незаконны хабар памерам 20–40 літаў. Калі мытнік фіксаваў парушэнне, якое нібыта мела месца, або рэальнае парушэнне, то плата была яшчэ вышэйшая», – цытуе ru.delfi.lt кіраўніка Мытнага дэпартаменту Літвы Антанаса Шыпавічуса.

Ён падкрэсліў, што ягонае ведамства і ў будучыні «не будзе мірыцца з праяўленнем карупцыі». Расследаванне вялося чатыры месяцы. Першасная інфармацыя была атрыманая ад кіроўцаў, паступалі таксама ананімныя тэлефанаванні. Расследаванне ўсё яшчэ працягваецца.

Паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары