АГП хоча правесці ў Менску 25 пікетаў


Партыйныя актывісты падалі ў Менскі гарвыканкам заяўкі на правядзенне акцыяў. Прыхільнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі плануюць зладзіць іх 19 снежня, на ўгодкі Плошчы-2010.

Старшыня партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што акцыі запланаваныя ў кожным раёне Менску.

“Пікеты маюць прайсці пад лозунгам “Выкралі выбары, каб прадаць краіну”. Мы сумяшчаем у пікетах дзве мэты: па-першае, прыцягнуць увагу грамадзянаў да непразрыстай “сейфавай” прыватызацыі, а па-другое – яшчэ раз нагадаць грамадзянам Беларусі пра вынікі парламенцкіх выбараў і пра тое, што выбараў у нас, уласна кажучы, не было”, – сказаў Лябедзька.

Лябедзька мяркуе, што парламент Беларусі быў фактычна прызначаны, каб правесці ў нашай краіне непразрыстую прыватызацыю.

Лідар АГП падкрэсліў, што чальцы партыі маюць намер зладзіць больш за сто пікетаў ва ўсёй Беларусі.

“Усе пікеты мы падаем на адзін дзень – 19 снежня. Адначасова гэта будзе згадваннем прэзідэнцкай кампаніі 2010 г.”, – адзначыў Лябедзька.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары