Не ведаеш, як ратавацца ад дэманаў? Звані на гарачую лінію


У Італіі з’явілася адмысловая тэлефонная служба для асобаў, якім патрэбная дапамога экзарцыстаў.

Галоўны экзарцыст Міланскай каталіцкай епархіі айцец Анджэлё Маскероні (Angelo Mascheroni) прызнаўся, што цягам апошніх гадоў колькасць просьбаў аб дапамозе ў змаганні з нячыстаю сілаю павялічылася ўдвая. Адзін з міланскіх святароў за дзень правёў 120 спатканняў з людзьмі, якія скардзіліся на дзейнасць звышнатуральных сілаў у сваім жыцці.

Як падкрэсліў айцец Маскероні, людзі вельмі часта пытаюцца імёны, тэлефоны ды адрасы святароў, якія праводзяць абрады ачышчэння. Цяпер жыхары Мілану і ваколіцаў змогуць атрымаць патрэбныя звесткі з панядзелка да пятніцы, пазваніўшы на адпаведны нумар тэлефона.

Святар адзначыў, што да экзарцыстаў вельмі часта звяртаюцца бацькі, дзеці якіх вышлі з-пад кантролю, перастаюць слухацца, адмаўляюцца хадзіць у школу ці пачынаюць прымаць наркотыкі.

Айцец Анджэлё Маскероні адрознівае псіхалагічныя праблемы і псіхіятрыю ад праяваў нячыстай сілы. “Д’ябальскія з’явы, – кажа ён, – у маёй практыцы сустракаюцца рэдка”.

Паводле айца Габрыеле Аморта, папярэдніка Маскероні, у 90 адсотках выпадкаў апантанасць узнікае, калі людзі прагнуць помсты, выкарыстоўваюць акультныя метады, звяртаюцца да чараўнікоў і г. д.

Святар, што правёў за 25 гадоў больш як 70 тыс. абрадаў экзарцызму, звярнуў увагу, што ўлада нячыстых духаў праяўляецца ў звышнатуральных здольнасцях, нянавісці да святых сімвалаў, неверагоднай фізічнай сіле і інш.

belsat.eu

Стужка навінаў