З пяці рэспубліканскіх газетаў застанецца толькі «Советская Белоруссия»?


Для пачатку «рупары ўраду» аб’яднаюць у адну юрыдычную асобу.

Пра гэта ў інтэрв’ю часопісу «Беларуская думка» распавёў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Паводле яго, гэтым газетам не стае «той унікальнасці пазіцыі ды рэдактарскай палітыкі», якія маглі б зрабіць іх сучаснымі і паспяховымі.

Алег Праляскоўскі. Фота bymedia.netАлег Праляскоўскі. Фота bymedia.net«Пяць штодзённых дзяржаўных масавых палітычных газетаў для нашай невялікай краіны – гэта залішні рэсурс», – вырашыў Праляскоўскі.

Аптымізацыя рэдакцыяў пачнецца з аб’яднання адміністрацыйнага апарату, стварэння агульнай для рэспубліканскіх газетаў службы маркетынгу, а таксама бухгалтэрыі ды юрыдычнай службы. Гэта значыць, паўстане адзіная юрыдычная асоба. На другім этапе справа дойдзе да творчай дзейнасці рэдакцыяў. Пры гэтым, як падкрэсліў міністр, нікога не выкінуць на вуліцу і не пакінуць без увагі.

Абапірацца ж аптымізацыя будзе на газету «Советская Белоруссия» як «самае масавае і паспяховае штодзённае грамадска-палітычнае выданне».

У якасці прыкладу паспяховай рэарганізацыі дзяржаўных медыя-структураў міністр прывёў стварэнне інфармацыйнага холдынгу на базе газеты «Звязда»: «Думаю, што падобная рэарганізацыя стварыла добрыя перадумовы для таго, каб беларускамоўная дзяржаўная прэса зрабілася больш цікаваю, прафесійнаю і фінансава паспяховаю».

belsat.eu

Стужка навінаў