Японцы стварылі робата-ваяра


Чатырохметровая машына вагою чатыры тоны, узброеная гарматамі Ґэтлінґа і ракетнаю ўстаноўкаю, – гучыць, як фраза з фантастычнага фільму, але гэта ўжо рэальнасць.

Стваральнік робата Ко-ґо-ро Курата (Kogoro Kurata) прызнаецца, што яго натхніла менавіта кінафантастыка, якою ён захапляўся ў дзяцінстве, і цацкі-трансформеры, на якія бацькі не шкадавалі грошай.

«Робаты, якіх памятае нашае пакаленне, заўсёды былі вялікія, імі кіравалі людзі. Але гэта сапраўды была мая мара – кіраваць адным з гіганцкіх робатаў, які ўжо стаўся часткаю японскай культуры. Я думаю, гэта тое, што любяць усе японцы», – мяркуе канструктар.

Робатам кіруюць знутры адмысловымі джойстыкамі, якія дазваляюць нават варушыць «пальцамі» машыны. Перасоўваецца стварэнне на колах з хуткасцю да 10 км за гадзіну.

{movie}Японцы стварылі робата-ваяра|right|7754{/movie}Узбраенне робата не нясе небяспекі для чалавека: ракетная ўстаноўка страляе вадзянымі шарамі, а гарматы – гэта хуткасныя паветраныя стрэльбы. Таму Курата спадзяецца, што неўзабаве кожны ахвотны зможа набыць ягонага механічнага монстра.

Дарэчы, робатам можна кіраваць нават праз адмысловы плагін для iPhone’а. Праўда, яшчэ зарана думаць, што свайго гіганцкага ваяра атрымае кожны: кошт мадэлі – 110 млн енаў (прыблізна $ 1,3 млн).

belsat.eu

Стужка навінаў