Даўжэнка: Хакейны чэмпіянат свету могуць правесці супольна з Расеяй


Сёння стала вядома, што чэмпіянат свету па хакеі 2014 года можа прайсці паводле новай формулы. Прычына, відаць, у тым, што шмат якія з камандаў будуць байкатаваць планетарны форум, калі яго зладзяць у Беларусі.

«На генеральным кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакею пасля апошняга чэмпіянату свету сапраўды ставілася пытанне пра магчымасць змяніць сістэму правядзення турніру. Гэта было зроблена на ўзор першынства 2012 года ў Фінляндыі; на ім быў шэраг матчаў, якія не выклікалі цікавасці ў гледачоў. Абмяркоўваліся магчымасці скараціць колькасць камандаў у элітным дывізіёне з 16 да 14 і вярнуцца да старой формулы: 4 групы па 4 каманды (цяпер на папярэднім этапе чэмпіянату свету 16 камандаў размеркаваныя на дзве групы па 8 зборных у кожнай)», – распавёў старшыня Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь (ФХРБ) Яўген Ворсін.

Паводле старшыні ФХРБ, змены, калі іх зацвердзяць, могуць набыць моц якраз з 2014 года, гэта значыць, з моманту ладжання менскага чэмпіянату. «Першынство-2013 сапраўды пройдзе згодна з дзейнаю формулаю, а што будзе ў 2014 годзе – паглядзім», – зазначыў ён.

У сваю чаргу спартовы аглядальнік Уладзімір Даўжэнка ўпэўнены, што чэмпіянат у Беларусі будуць байкатаваць шмат якія з зорных камандаў. Гэтак, адмысловец мяркуе, што на спаборніцтвы дакладна не прыедуць зборныя ЗША, Канады, Швецыі, Чэхіі ды Фінляндыі. Разам з тым варта звярнуць увагу: алімпіяда ў расейскім Сочы скончыцца акурат за некалькі месяцаў да чэмпіянату па хакеі.

«Як бы ні быў развіты спорт у Расеі, усе гэтыя спартовыя аб’екты пасля будуць зарастаць павуціннем. Магчыма, расейцы хочуць запрапанаваць правесці чэмпіянат свету сумесна. Гэта была б такая сяброўская падтрымка малодшаму брату», – мяркуе Даўжэнка. {movie}Уладзімір Даўжэнка – чэмпіянат cумесна з Расеяй?|right|7734{/movie}

Але кіраўнік ФХРБ сцвярджае, што абмеркаванне зменаў фармату выкліканае перадусім спробамі зрабіць турнір больш прывабным і цікавым для гледачоў. «Гутаркі пра перагляд формулы ніяк не звязаныя з Алімпіядаю 2014 года. Гэткія абмеркаванні былі і раней. Дыскусія была яшчэ летам. Некаторыя прапанавалі, каб чэмпіянаты свету наагул не праводзіліся ў алімпійскі год. Зрэшты, паўтару, гэта пакуль усяго толькі абмеркаванні, аналітыка», – сказаў Ворсін. Такім чынам, ён абверг інфармацыю пра тое, што праз Алімпіяду ў Сочы менскі чэмпіянат свету могуць адмяніць. Гэтыя звесткі распаўсюдзіла 26 лістапада расейская газета «Известия», а затым іх перадрукавалі медыі Беларусі.

«Шмат якія з краінаў прапаноўваюць або замяніць ЧС на турнір з еўрапейскаю канцэпцыяй, бо, напрыклад, ЗША і Канада наўрад ці дашлюць каманды, або ўвогуле адмяніць», – пішуць «Известия» са спасылкаю на выканаўчага дырэктара Федэрацыі хакею Расеі Валерыя Фесюка.

Трэба адзначыць, што першынство ў сталіцы Беларусі мае адбыцца праз тры месяцы пасля галоўнага старту чатырохгоддзя – алімпійскага турніру ў Сочы. Менавіта на яго ўсе зборныя будуць прыцягваць максімальныя сілы і, як паказвае практыка, пасля алімпіяды шмат хто з асноўных гульцоў сапраўды лічыць за лепшае прапускаць чэмпіянат свету. Падобныя гутаркі здараюцца напярэдадні кожнай алімпіяды. Тым не менш за апошнія 14 гадоў яшчэ ні разу чэмпіянаты свету, якія прыпадалі на алімпійскія гады, не зрываліся, а тыя ж паўночнаамерыканскія зборныя іх ніколі не ігнаравалі. Калі нешта такое адбудзецца, то, паводле некаторых спецыялістаў, для беларускай зборнай гэта ў нейкім сэнсе будзе нават выгадна, бо павялічацца яе шанцы на паспяховае выступленне. Яўген Ворсін у сувязі з гэтым сказаў наступнае: «Я катэгарычна супраць таго, каб штучным спосабам забяспечваць нашай камандзе камфортныя ўмовы. Гэта няправільна».

belsat.eu

Стужка навінаў