Бацькі арыштаваных студэнтаў з Украіны вагаліся пускаць дзяцей у Беларусь


У Менску затрымалі ды асудзілі на 10 дзён трох хлопцаў з Украіны, што выбраліся ў Беларусь на экскурсію. Падставы арышту застаюцца невядомыя.

Юнакі з Украіны прыбылі ў беларускую сталіцу 15 лістапада з турыстычнымі мэтамі. З не вядомых пакуль прычынаў амаль адразу ж яны былі арыштаваныя на дзесяць содняў. Калі хлопцы не прыехалі дадому ў запланаваны тэрмін, а іхныя тэлефоны не адказвалі, сваякі забілі трывогу.

“Калі дзеці сказалі, што збіраюцца з’ездзіць у Беларусь, буду шчыры, у мяне была трывога, – распавёў бацька аднаго з юнакоў Анатоль Валкоўскі. – Але ведаючы сына, ягоных сяброў – яны вучацца на адным курсе, – даў згоду”.

Бацькі арыштаваных самі прыбылі ў Менск, каб высветліць справу знікнення сваіх дзяцей. Грамадзянам Украіны ўдалося даведацца, што хлопцы – жывыя, але трапілі ў беларускую турму. Міліцыя не паведаміла пра затрыманне ні родзічам студэнтаў, ні ва ўкраінскую амбасаду, хоць хлопцы мелі пашпарты Украіны.

{movie}Бацькі арыштаваных з Украіны: Была трывога|right|7725{/movie}“Нам не паказалі дзяцей, не далі пагаварыць, стаўленне было, як быццам яны злосныя крымінальнікі. Перадаць узялі толькі асабістыя рэчы, нічога з прадуктаў, не ўзялі нават запіскі, у якой было напісана: “Сынуля, мы цябе любім! Трымайся!” – паведамілі занепакоеныя бацькі.

Адзін з затрыманых, паводле ягоных сваякоў, распавёў, што беларускія міліцыянты пагражалі юнакам, змусілі падпісаць нейкія паперы, гразіліся пасадзіць у камеру да крымінальнікаў.

“Якую небяспеку гэтыя хлопцы маглі складаць? Гэта нармальныя маладыя людзі, якія патрабуюць кантактаў з такімі ж пазітыўнымі аднагодкамі”, – заўважыў Анатоль Валкоўскі. Паводле яго, усе трое хлопцаў – выдатнікі, студэнты прэстыжнай навучальнай установы Кіева.

Учора вечарам студэнты былі выпушчаныя і разам з бацькамі з’ехалі з Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў