Сяргей Драздоўскі: За дыскрымінацыю інвалідаў трэба караць


{movie}Сяргей Драздоўскі: Чаму інвалідаў “нябачна”?|left|7724{/movie}У Беларусі праблема дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю захоўваецца, сведчаць вынікі апытання НІСЭПД. Каардынатар Офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі мяркуе, што прычына дыскрымінацыі – страх большасці перад узаемадзеяннем з непадобнаю да іх групаю, а таксама недастатковыя намаганні з боку дзяржавы для адаптацыі інвалідаў у грамадстве.

Як паведаміў Драздоўскі, каля траціны апытаных лічаць, што інваліды мусяць жыць у закрытых установах. Прыкладна столькі ж упэўненыя, што людзям з інваліднасцю трэба сталая апека з боку навакольных. Прыблізна траціна апытаных лічыць, што зносіны з інвалідамі выклікаюць у людзей псіхалагічны дыскамфорт. Столькі ж думаюць, што большасць інвалідаў не вельмі імкнецца да зносінаў са здаровымі людзьмі. Больш за траціну ўдзельнікаў апытання адзначылі, што, калі бачаць чалавека з інваліднасцю, ім міжволі хочацца адвесці позірк.

Паводле Сяргея Драздоўскага, Беларусь – апошняя краіна Еўропы, якая не далучылася да Канвенцыі правоў інвалідаў ААН. Эксперт мяркуе, што неабходна заканадаўча замацаваць у Беларусі паняцце дыскрымінацыі ды ўсталяваць адказнасць за яе праявы.

Каардынатар офісу нагадаў, што цягам апошніх гадоў прадстаўнікі дзяржаўных органаў Беларусі абмяркоўвалі магчымасць далучэння да канвенцыі, аднак гэты крок увесь час адкладаецца. Гэтак, паводле Драздоўскага, чыноўнікі заяўляюць: «Спачатку мы ўдасканалім нашае жыццё настолькі, што, калі прымем канвенцыю, яна будзе выконвацца аўтаматычна».

На карысць прыняцця дакументу сведчыць і тое, што, згодна з апошнім апытаннем Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), пра канвенцыю чулі больш за чвэрць жыхароў Беларусі. Бо, як правіла, людзі наагул не ведаюць пра існаванне такіх дакументаў, зазначыў Драздоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў