Прыкладна 40 чалавек узялі ўдзел у «Славянскім маршы» ў Магілёве


Перад пачаткам акцыі міліцыя папярэдзіла арганізатараў пра недапушчальнасць выкарыстання якой-небудзь сімволікі, у гэтым выпадку – імперскага сцягу. Удзельнікам акцыі было сказана, што пры выкарыстанні такой сімволікі іхнае шэсце будзе расцэненае як дэманстрацыя, а мітынг – як пікетаванне.

Гарвыканкам даў дазвол на правядзенне 25 лістапада па вул. Чалюскінцаў шэсця і мітынгу, мэтай якіх заяўленае «падтрыманне традыцыйных духоўных і маральных каштоўнасцяў, ідэі славянскага адзінства, нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці, а таксама супраць глабалізацыі». На «Славянскім маршы» збіраліся выкарыстаць чорна-жоўта-белыя сцягі Расейскай імперыі.

Удзельнікі акцыі прайшлі прыкладна 200 м да стадыёну каля Палацу культуры заводу штучнага валакна. На стадыёне адбыўся мітынг. У ім узяў удзел Сяргей Рыжоў з Віцебску, які ўдзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. Рыжоў заявіў: «Цяпер славянскія дзяржавы раздзеленыя, што адмоўна ўплывае на жыццё і дабрабыт народаў».

Удзельнікі мітынгу заяўлялі: «Мы ўсе – прадстаўнікі рускай нацыі». Гучалі лозунгі: «Рускія, наперад!», «Слава Расеі!», «Слава Белай Русі!».

Удзельнікі акцыі таксама віталі некалькіх гасцей са Смаленску.

belsat.eu

Стужка навінаў