Беларускія левыя збіраюцца назіраць за выбарамі


Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» пачынае кампанію «Справядлівыя выбары». Вынікам кампаніі мае стаць стварэнне базы магчымых фальсіфікацыяў падчас выбараў. «Калі такія фальсіфікацыі будуць маштабнымі, гэтая база паслужыць падставаю для непрызнання вынікаў выбараў як на міжнародным узроўні, так і ўнутры краіны», – заявіў лідар партыі Сяргей Калякін.

Партыя «Справядлівы свет» таксама вырашыла, што не будзе выстаўляць на бліжэйшых выбарах свайго кандыдата. «Паводле нашага меркавання, гэта не мае сэнсу, – адзначыў Сяргей Калякін у інтэрв’ю БелаПАН. – Гэта мела б сэнс у тым выпадку, калі б апазіцыя на выбарах мела адзіную стратэгію, адзіную тактыку і, як вынік, адзінага кандыдата на прэзідэнта. Цяпер нічога гэтага няма. Больш за тое, няма адзінага бачання развіцця сітуацыі ў краіне ні падчас выбараў, ні пасля іх».

Тым не менш, паведаміў лідар партыі «Справядлівы свет», сябрам партыі не забараняецца працаваць у камандах таго ці іншага прэтэндэнта на пост кіраўніка дзяржавы. «Яны маюць права самі выбіраць, каго падтрымліваць, а каго – не. Гэта іх асабісты выбар», – адзначыў Калякін.

Першым крокам у межах кампаніі «Справядлівыя выбары» стане зварот у Цэнтравыбаркам з патрабаваннем растлумачыць шэраг нарматыўных актаў беларускага заканадаўства. «Мэтаю гэтага звароту ёсць тое, каб назіральнікаў рэальна дапусцілі да працэдуры падліку галасоў. Для гэтага не трэба нават змяняць заканадаўства, трэба толькі палітычная воля. І ў залежнасці ад таго, які адказ мы атрымаем, гэта будзе «лакмусаваю паперкаю» таго, да чаго рыхтуецца ЦВК: да правядзення выбараў ці да маштабных фальсіфікацыяў», – заявіў Сяргей Калякін.

belsat.eu

Стужка навінаў