КДБ папярэджвае актывістаў БХД


Як паведаміў сустаршыня аргкамітэту стварэння Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, у Асіповіцкае праўленне КДБ быў выкліканы дэпутат мясцовага райсавету дэпутатаў, член аргкамітэту стварэння БХД Аляксей Цюлькоў.

“Пасля гутаркі, якая доўжылася каля чатырох гадзінаў, яго папярэдзілі, што паводле артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі ён можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, – сказаў Рымашэўскі.

Пасля выкліку Цюлькова стала вядома, што аналагічныя дзеянні праводзіліся і ў дачыненні іншых асіповіцкіх членаў аргкамітэту БХД – Анатоля Цераша і Уладзіміра Клімановіча. “Ім былі вынесеныя такія ж папярэджанні”, – паведаміў Рымашэўскі.

Ён адзначыў, што аргкамітэт стварэння БХД будзе звяртацца ў суд з патрабаваннем адмяніць гэтыя папярэджанні. “Мы лічым гэтыя папярэджанні незаконнымі ды скіраванымі на тое, каб прымусіць нашых прыхільнікаў адмовіцца ад удзелу ў працы аргкамітэту стварэнні БХД. Акрамя таго, я нагадваю, што ў Беларусі прыняты новы закон аб тэрарызме. Сярод іншых палажэнняў у ім пад паняцце “тэрарызм” падпадаюць гвалтоўныя дзеянні ці пагроза гвалтоўных дзеянняў да грамадзянаў з мэтаю спыніць ці перашкодзіць іх грамадскай ці палітычнай дзейнасці. Менавіта як тэрарызм мы цяпер успрымаем гэтыя дзеянні КДБ”, – заявіў Рымашэўскі.

Сустаршыня аргкамітэту нагадаў, што БХД чатыры разы ладзіла ўстаноўчыя з’езды партыі, і ўсе чатыры разы Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі. Цяпер БХД праводзіць працу дзеля рэгістрацыі сваіх структураў як рэгіянальных грамадскіх арганізацыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў