Лукашэнка бароніць пладова-ягаднае віно


Кіраўнік краіны раскрытыкаваў намер забараніць у Менску продаж пладовых мацаваных вінаў. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што «гэтыя забароны нічога талковага не дадуць». Пра гэта ён заявіў падчас нарады ў пытаннях рэфармавання Міністэрства ўнутраных справаў.

«Гэтыя забароны нічога талковага не дадуць, – цытуе кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба. – Збярыцеся і сур’ёзна падумайце над тым, да чаго гэта можа прывесці. Забароннымі метадамі мы нічога не зробім».

Забарона на продаж у Менску пладовых мацаваных вінаў мае пачаць дзеяць 1 снежня. Неабходнасць такой забароны Менгарвыканкам тлумачыў, спасылаючыся на палажэнні «Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў для папярэджання і пераадолення п’янства і алкагалізму на 2011–2015 гады». Раней продаж «чарніла» быў забаронены ў Партызанскім раёне Менску. Лакальны эксперымент ажыццяўляла мясцовая адміністрацыя. Аналагічная забарона летась дзеяла ў Слуцкім раёне, дзе ўпершыню за апошнія 5 гадоў удалося дамагчыся змяншэння колькасці злачынстваў, здзейсненых у стане ап’янення. Праўда, у той жа час там адзначаны рост незаконнага вырабу і продажу самагону.

«Добра заплаціць за выцвярэзнік»

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на выцвярэзнікі.

«Папраўчыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі, медвыцвярэзнікі – трэба сур’ёзна паглядзець на гэту сістэму, дзе трэба – узнавіць, дзе не трэба – ліквідаваць. Разумна падысці. У нас гэта праблема. І трэба, можа быць, гэтымі шляхамі змагацца, – сказаў Лукашэнка. – І сёння гэта функцыя міліцыі, бо заўтра – гэта ўжо парушэнне грамадскага парадку, калі цябе з вуліцы забралі, гэта перадухіленне будучых злачынстваў. Але трэба, каб за гэта заплаціў, і добра. Няма грошай – забяспечце яго такой працай, каб больш яму не хацелася туды трапіць і каб вы атрымалі за гэта пэўныя грошы».

Зварот прэзідэнта быў накіраваны не толькі да МУС, але і да старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі.

belsat.eu

Стужка навінаў