Алеся Міхалевіча перавялі з СІЗА КДБ у ізалятар МУС


Адвакату экс-кандыдата на прэзідэнта Алеся Міхалевіча Алегу Агееву стала вядома, што ягонага падабароннага перавялі з СІЗА КДБ у следчы ізалятар МУС, які размешчаны ў Менску на вул. Валадарскага.

Як паведаміў БелаПАН Алег Агееў, 6 студзеня ў яго адбылася непрацяглая размова сам-насам з Міхалевічам. Адвакат разлічвае зноў сустрэцца са сваім падабаронным у панядзелак, 10 студзеня, каб прадметна абмеркаваць тактыку ягонай далейшай абароны і магчымыя працэсуальныя дзеянні.

Нагадаем, поруч з іншымі чатырма экс-кандыдатамі Міхалевіч абвінавачваецца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага Кодэксу).

Акрамя яго, абвінавачанні па гэтай крымінальнай справе выставілі Уладзіміру Някляеву, Віталю Рымашэўскаму, Андрэю Саннікаву і Мікалаю Статкевічу. Рымашэўскага вызвалілі з СІЗА 1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе.

Яшчэ два экс-кандыдаты, Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Вус, знаходзяцца ў статусе падазраваных. З іх узялі падпіску аб нявыездзе.

belsat.eu

Стужка навінаў