У Менску стартаваў першы расейска-беларускі музейны форум. Беларускія і расейскія чыноўнікі сабраліся ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч падзякаваў Расеі за супрацу і дапамогу ў захаванні культурнай самабытнасці. Пасля гэтага ўзнагародзіў кіраўніцу расейскай дэлегацыі Алу Манілаву нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры». Адметна, што падчас сустрэчы беларускай мовы не прагучала.
Міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч сустрэў расейскую дэлегацыю ў межах першага расейска-беларускага музейнага форуму.
«Самай вялікай пагрозай з’яўляецца страта культурнай самабытнасці, размыванне культурна-генетычнага ядра народу. Пагрозы духоўнасці нашых народаў праяўляюцца ў фармаванні негатыўнага вобразу на міжнароднай арэне, дыскрэдытацыі і перапісванні гісторыі, распаўсюду вонкава масавай культуры, якая супярэчыць духоўным каштоўнасцям нашых краінаў. Усе гэтыя пагрозы цягнуць за сабой дэвальвацыю агульнапрызнаных каштоўнасцяў і скажэнне духоўных і маральных арыенціраў. І мы абавязаны прыняць усе захады, каб гэтага не дапусціць», – заявіў Анатоль Маркевіч.
І супрацьстаяць гэтаму беларускаму народу дапамагае супраца з Расеяй у сферы культуры, перакананы Анатоль Маркевіч.
Міністр культуры таксама ўручыў кіраўніцы расейскай дэлегацыі Але Манілавай нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры».
Адметна, што форум цалкам на расейскай мове. Прэсавая служба Міністэрства культуры таксама паведамляе пра мерапрыемства практычна на расейскай мове.
Алена Аляксандрава belsat.eu