Страляніна ў школе ў Казані. Аповед з месца падзеяў


Штурм школы № 175 у Казані, 11 траўня 2021 года.
Фота: Ягор Алееў / ТАСС / Forum

У школе № 175 у Казані (Расея) учынілі страляніну. Дакладная колькасць нападнікаў высвятляецца. Зброя меркаванага стралка, які адкрыў агонь па школьніках, была зарэгістраваная. Вядома імя аднаго нападніка, гэта 19-гадовы Ільназ Галявіеў. Паводле апошніх звестак, у выніку трагедыі загінулі 9 чалавек, 7 з іх – дзеці. «Вот Так» пагаварыў з галоўным рэдактарам выдання «Казанский репортер» Антонам Райхштатам, які працуе на месцы здарэння.

– Што цяпер адбываецца каля школы?

– Я цяпер на месцы, каля школы № 175, дзе адбыліся выбухі і была стральба. Тут цяпер велізарная колькасць сілавікоў, хуткая дапамога, пажарнікі, спецтэхніка. Падагналі нават цяжкую тэхніку ў выглядзе браняваных КамАЗаў і браняваных аўтамабіляў. У самой школе бачныя сляды ад выбуху – разбітыя вокны на першым паверсе, бачныя пашкоджанні вокнаў на другім і трэцім. Дакладная колькасць загінулых невядомая. Усё вакол ачэплена, на тэрыторыю школы зайсці немагчыма. Але з майго пункту дастаткова добры агляд, бачна, колькі тут прадстаўнікоў спецслужбаў.

Каля школы № 175 у Казані, 11 траўня 2021 года.
Фота: Ягор Алееў / ТАСС / Forum

– Мясцовыя жыхары збіраюцца каля школы?

– Так. Я бачыў некалькі жанчын, якія плачуць. Да гэтага часу чутныя сірэны і бачныя мігалкі. Большасць людзей цяпер збіраецца ля параднага ўваходу школы. Тут даволі вялікі натоўп, але ачапленне Расгвардыі нікога не пускае.

– Панікі ў горадзе няма?

– Усе ўжо ўсё ведаюць. Больш за тое, ужо была інфармацыя, што нешта падобнае можа адбыцца ў іншых школах, але мэрыя ўсё гэта абвергла. Сказала, што гэта няпраўда. У горадзе ўсе ўсхваляваныя і ўзрушаныя.

Агульны від на школу № 175 у Казані, 11 траўня 2021 года.
Фота: Ягор Алееў / ТАСС / Forum

– Чаму так мала афіцыйнай інфармацыі?

– Прайшло яшчэ мала часу. Дастаткова аператыўна адрэагавала мэрыя, якая сказала, што ва ўсе школы цяпер уваход будзе абмежаваны, у некаторых школах адмененыя другія змены.

У Татарстане 12 траўня абвешчаны Днём жалобы.

Абноўлена
Страляніна ў школе ў Казані: загінулі мінімум 9 чалавек
2021.05.11 12:00

«Вот Так»

/ІР

Стужка навінаў