Літоўская міністарка: павелічэнне колькасці мігрантаў на мяжы – гэта атака беларускага рэжыму


Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце пракаментавала павелічэнне патоку нелегальных мігрантаў, якія робяць агрэсіўныя спробы перасекчы беларуска-польскую мяжу. Паводле яе словаў, гэта атака, якую арганізаваў беларускі рэжым.

Польска-беларуская мяжа.
Фота: Straz_Graniczna/Twitter

«Была вялізная група, група з 450 чалавек, якія спрабавалі агрэсіўнымі метадамі пракрасціся на тэрыторыю Польшчы. Выглядае, што гэта не спантанны працэс. Такая вялікая група з краін Азіі і Афрыкі не магла сабрацца па адзіночцы. Гэта атака, арганізаваная беларускім рэжымам. Мы адсочваем гэтую сітуацыю. Падтрымліваем сталую сувязь з нашымі калегамі ў Польшчы», – перадае словы Агне Білатайце «Delfi».

Са словаў міністаркі, апошнім часам на літоўска-беларускай мяжы назіраліся толькі адзінкавыя выпадкі незаконнага пераходу мяжы. Аднак у той жа час сярэдняя колькасць спробаў перайсці польска-беларускую мяжу з тэрыторыі Беларусі даходзіць да 250 штодзённа.

«Хочам вас запэўніць, што Літва кіруе і кантралюе сітуацыю, дзейнічае найвышэйшы ўзровень пільнасці», – сказала Білатайце.

Сапраўды, апошнім часам колькасць мігрантаў на беларуска-польскім памежжы істотна вырасла. Паводле польскай Памежнай аховы, з 29 сакавіка да 1 красавіка на беларуска-польскай мяжы зафіксавалі 736 спробаў нелегальнага пераходу. Гэта ўдвая больш, чым фіксавалася ў папярэднія дні: гэтак, 27–28 сакавіка было адзначана 356 спробаў перасячэння мяжы, а 25–26 сакавіка – 243 спробы.

Пры гэтым мігранты аб’ядноўваюцца ў вялікія групы, з якімі даводзіцца змагацца польскім памежнікам. 10 красавіка Памежная ахова Польшчы паведаміла пра тое, што патрулі адбілі спробу больш як 220 замежнікаў незаконна перасекчы мяжу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў