«Bloomberg»: ЗША лічаць напад Ірану на Ізраіль непазбежным


Злучаныя Штаты і іх саюзнікі лічаць, што маштабныя паветраныя ўдары Ірану па вайсковых і ўрадавых абʼектах у Ізраілі непазбежныя. Пра гэта паведамляе агенцтва «Bloomberg» са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з выведнымі звесткамі.

Іранскія ракеты «Zolfaghar».
Фота: Tasnim News Agency / wikipedia.org

Напад Ірану на Ізраіль з выкарыстаннем высокадакладных ракетаў можа адбыцца ў найбліжэйшыя дні. Паводле крыніцаў «Bloomberg», пытанне не ў тым, будзе такі ўдар ці не, а ў тым, калі ён адбудзецца. Цэлямі ўдараў, хутчэй за ўсё, будуць не цывільныя абʼекты, а ўрадавыя і вайсковыя.

Як канстатуе агенцтва, гэта будзе азначаць значнае пашырэнне шасцімесячнага канфлікту на Блізкім Усходзе. Пры гэтым пакуль незразумела, ці перарасце напад Ірану і іранскіх проксі ў больш шырокую і працяглую вайну або канфлікт усё-ткі будзе мець абмежаваны характар.

Замежныя дыпламатычныя місіі ўжо рыхтуюцца да магчымых удараў, складаючы планы эвакуацыі.

Белы дом даў зразумець, што падтрымае ў гэтым канфлікце Ізраіль. Прэзідэнт Джо Байдэн зазначыў, што Іран пагражае нанясеннем «сурʼёзнага ўдару», але адданасць ЗША гарантаванню бяспекі Ізраілю ёсць «жалезнай». Байдэн паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб абараніць Ізраіль ад Ірану.

Аналітыка
Ізраіль рыхтуецца да нападу Ірану. Ці можа распачацца поўнамаштабная вайна?
2024.04.05 19:17

Нагадаем, 1 красавіка быў нанесены авіяўдар па будынку консульства Ірану ў Дамаску. У выніку загінулі сем чальцоў іранскага Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), у тым ліку высокапастаўлены брыгадны генерал Магамад Рэза Загэдзі і ягоны намеснік, генерал Магамад Гадзі Хаджы Рагімі. Агулам ахвярамі атакі зрабіліся 13 чалавек.

Ізраіль афіцыйна не ўзяў на сябе адказнасці за авіяўдар, аднак ні ў каго няма сумневаў у тым, што гэта праца Цагалю. Тэгеран публічна паабяцаў пакараць Ізраіль. Некаторыя медыі паведамлялі, што спецслужбы чакалі нанясення іранскага ўдару яшчэ на мінулым тыдні.

Цагаль пачаў набор рэзервістаў супрацьпаветранай абароны, адпачынкі для вайскоўцаў былі скасаваныя. У цэнтральнай частцы краіны ўлады блакуюць GPS і іншыя сістэмы навігацыі, каб у выпадку паветранай атакі іранскія ракеты і дроны збіліся з курсу.

Аналітыка
Цярпенне заканчваецца, а вайна – не. Тлумачым, што адбываецца на Блізкім Усходзе
2024.04.04 16:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў