Галоўчанка распавёў, што 25% эканомікі Беларусі трапіла пад «блакавальны ўплыў» санкцыяў


Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў інтэрвʼю «Беларусь 1» прызнаў значны ўплыў санкцыяў на эканоміку краіны, аднак запэўніў, што ўлады спраўляюцца з выклікамі.

«Тыя галіны, якія трапілі пад самыя жорсткія санкцыі, пад прамы блакуючы ўплыў – а гэта каля 25% эканомікі – працягваюць адчуваць пэўныя цяжкасці.

Не так проста «пераключыць рубільнік» і, умоўна кажучы, каб усё паплыло ў іншы бок па тых жа цэнах і з той жа эфектыўнасцю. А акрамя гэтых 25% пад прамым уплывам, астатнія знаходзяцца пад ускосным уздзеяннем санкцыяў», – заявіў прэмʼер.

Паводле Галоўчанкі, улады не дазволілі спраўдзіцца негатыўным прагнозам. «Мы здолелі 80% заблакаванага экспарту пераарыентаваць на іншыя краіны», – запэўніў кіраўнік ураду.

Пры гэтым прэм’ер-міністр прызнаў, што ўлады дапусцілі «прасяданне па ВУП». Але ў цэлым эканоміка спраўлялася з выклікамі, сцвярджае ён.

«Летась мы многія рашэнні прымалі, ведаеце, нават сітуатыўна, эмпірычна, грунтуючыся на нейкіх сваіх адчуваннях. Проста часу не было, трэба было рэагаваць вельмі хутка», – сказаў Галоўчанка. Але новы 2023 год – гэта перыяд пераходу да доўгатэрміновай мадэлі развіцця ў тых умовах, якія цяпер склаліся, падкрэсліў прэмʼер.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў