Моцны землятрус у Турцыі і Сірыі, закрыццё Польшчаю пункту пропуску. Галоўныя здымкі тыдня


Наступствы землятрусу ў Турцыі і Сірыі, вырак палітзняволенаму Анджэю Пачобуту ў Беларусі, закрыццё Польшчай з гэтай прычыны памежнага пункту з Беларуссю, працяг хвалі пратэстаў у Францыі ды лясныя пажары ў Чылі – сабралі галоўныя падзеі свету ў фотаздымках.

Акцыя салідарнасці з палітзняволеным журналістам і актывістам Саюзу палякаў Анджэем Пачобутам, асуджаным на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гданьск, Польшча.
Фота: Karolina Misztal / Reporter / East News
Дзясяткі актывістаў прафзвязу падпалілі дарогу перад нафтаперапрацоўчым заводам «Total Energies» падчас акцыі пратэсту супраць пенсійнай рэформы. Донж (Donges), Францыя.
Фота: Loic Venance / AFP / East News
Лясны пажар набліжаецца да гораду Дычата (Dichato). У паўднёва-цэнтральных рэгіёнах Чылі аб’явілі каменданцкую гадзіну, бо ўжо больш за тыдзень там бушуюць лясныя пажары. За гэты час загінулі мінімум 24 чалавекі. Дычата, Чылі.
Фота: Javier Torrer / AFP / East News
Людзі збіраюцца ля вогнішча перад абваленымі будынкамі ў горадзе Кахраманмараш (Kahramanmaras) пасля землятрусу магнітудай 7,8, які 6 лютага скалануў памежны рэгіён Турцыі і Сірыі. У краіне ўведзенае надзвычайнае становішча і сямідзённая жалоба. Прэзідэнт Рэджэп Эрдаган заявіў, што гэта самае магутнае землетрасенне ў краіне з 1939 года. Кахраманмараш, Турцыя. Фота Adem Altan / AFP / East News
Мужчыны кідаюць смецце ў кодаўб грузавіка ля ракі Бурыганга (Buriganga), адной з самых забруджаных рэк у свеце. У горадзе Дака (Dhaka) пераважна жанчыны і дзеці сартуюць другасную сыравіну, атрымліваючы менш за 3 еўры за дзень. Людзі жывуць ва ўмовах крайняй галечы і без доступу да асноўных медычных паслуг. Дака, Бангладэш.
Фота: Media Drum Images / IngridKoedood / East News
Мэсут Хансэр трымае за руку сваю 15-гадовую дачку Ірмак, якая загінула ў выніку моцнага землятрусу ў горадзе Кахраманмараш (Kahramanmaras), які адбыўся на паўднёвым усходзе Турцыі.
Фота: Adem Altan / AFP / East News
Мужчына з роварам стаіць на памежным пераходзе «Баброўнікі» да яго закрыцця. 10 лютага Польшча закрыла адзін з двух пунктаў пропуску на польска-беларускай мяжы з «меркаванняў нацыянальнай бяспекі». Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі пацвердзіў, што рашэнне ў тым ліку звязанае з выракам Анджэю Пачобуту. Актывіста Саюзу палякаў асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі. З шасці пунктаў пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы чатыры не працуюць. Баброўнікі, Польшча.
Фота: Карына Пашко / Белсат
Знішчаныя жылыя дамы пасля землятрусу магнітудай 7,8 у правінцыі Хатай (Hatay), Турцыя.
Фота: Ercin Erturk / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Украінскія вайскоўцы артылерыйскага падраздзялення 80-й дэсантна-штурмавой брыгады стаяць пад Бахмутам, Украіна.
Фота: Yasuyohsi Chiba / AFP / East News
Жыхары шукаюць ахвяраў і тых, хто выжыў сярод руінаў абваленых будынкаў пасля землятрусу магнітудаю 7,8. Паводле апошніх звестак у выніку магутнага землятрусу, які адбыўся на паўднёвым усходзе Турцыі і ў паўночнай частцы Сірыі, агульная колькасць загінулых перавысіла 24 тысячы чалавек. Ідліб, Сірыя.
Фота: Omar Haj Kadour / AFP / East News
У чарговы месячнік памяці Смаленскай катастрофы дэлегацыя палітыкаў партыі «Закон і справядлівасць» на чале са старшынём партыі Ярославам Качыньскім усклала вянкі ахвярам трагедыі. 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам разбіўся самалёт Ту-154М. Усе 96 чалавек, якія былі на борце, загінулі, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і ягоная жонка. Варшава, Польшча.
Фота: Adam Burakowski / Reporter / East News
«Цвіценне» цыянабактэрый (Cyanobacteria), таксама вядомых як сіне-зялёныя водарасці, ля рыбацкага клубу на ўзбярэжжы ракі Рыё-дэ-ля-Плята (Río de la Plata). Цыянабактэрыі –  мікраарганізмы, якія ўдзельнічаюць у фотасінтэзе і вырабляюць кісларод у працэсе сваёй жыццядзейнасці, важны кампанент многіх экасістэмаў. Буэнас-Айрэс (Buenos Aires), Аргентына.
Фота: Matias Baglietto / Reuters / Forum
Васьміног чапляецца за дайвера падчас апускання ў перавале Браўнінг (Browning) вострава Ванкувэр, Канада.
Фота: Caters News / Forum

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў