У Браславе пасля хапуну звольнілі сем працаўнікоў Музею традыцыйнае культуры


Як паведамляе «Віцебская Вясна», страцілі працу тыя спецыялісты Музею традыцыйнай культуры, якія ў снежні 2023 года трапілі пад палітычна матываваны адміністратыўны пераслед. У тым ліку звольнілі загадчыцу музею Элеанору Зінкевіч.

Хапун адбыўся ў Браславе ўночы з 21 на 22 снежня 2023 года. Міліцыянты затрымалі васьмярых мясцовых жыхароў, кагосьці з іх адпусцілі пасля складання пратаколаў, але дзве сямейныя пары – Рулевічаў і Зінкевічаў – былі пакараныя адміністратыўным арыштам на 15 содняў.

За краты трапіла стваральніца браслаўскага Музею традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч і ейны муж, выбітны браслаўскі ганчар Валеры Зінкевіч. 15 содняў адбыла таксама майстрыха ў галіне традыцыйнага ткацтва Людміла Рулевіч, якая займалася вывучэннем і папулярызацыяй народных рамёстваў. У суседняй камеры браслаўскага ІЧУ адбываў арышт ейны муж.

І тыя, хто быў пакараны адміністратыўным арыштам, і тыя, каго аштрафавалі на 30 базавых велічыняў, потым былі звольненыя з працы.

Праваабаронцы адзначаюць, што вызваленыя пасады пакуль не занятыя: у Браславе проста няма адмыслоўцаў у музейнай справе, тым болей адмысловага профілю – знаўцаў у галіне традыцыйнай культуры. Паводле сацыяльных сетак установы, там прымаюць наведнікаў, але пад пытаннем застаецца даследніцкая і навуковая праца музею – ёй цяпер папросту няма каму займацца.

Пасля гэтых звальненняў браслаўскаму Музею традыцыйнай культуры пагражае страта непаўторнай спецыфікі, адзначае «Віцебская Вясна».

Аб’ектыў
На Беларусі распачалі «духоўнае адраджэнне» расейшчыны
2024.01.10 21:09

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў