Крызіс і стагнацыя: эксперты распавялі, як змянілася Беларусь за 2023 год


Рэжыму Беларусі ў 2023 годзе ў пэўным сэнсе ўдалося ўтрымаць сацыяльна-палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне, нягледзячы на мноства ўнутраных і вонкавых выклікаў. Пры гэтым Беларусь як шматгранную сістэму нельга назваць устойлівай: ва ўсіх сферах сістэма мае крызісны стан або стагнацыю, а значыць, яна ўразлівая да выклікаў і так званых «чорных лебедзяў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пра гэта гаворыцца ў новым даследаванні Цэнтру новых ідэяў, які ўжо трэці раз правёў комплексны аналіз Беларусі як складанай сістэмы. У рамках даследавання 45 экспертаў ацанілі палітычную, эканамічную, інфармацыйную, сацыяльную і вайсковую сферы краіны. Распавядаем самае цікавае.

Ключавым інструментам у даследаванні ёсць індэкс рэзіліентнасці – гэта экспертная ацэнка краіны як шматскладовай сістэмы: у якіх момантах яна найбольш уразлівая, а ў якіх здольная пераадольваць крызісы, адаптавацца да іх наступстваў і развівацца. У сувязі з расейска-ўкраінскай вайной эксперты дадалі вайсковую сферу, але ў разліку агульнага індэксу яе дадзеныя не ўлічваюцца.

У пул экспертаў увайшлі як незалежныя даследнікі, так і прадстаўнікі аўтарытэтных беларускіх аналітычных цэнтраў. Сярод іх – палітычны аналітык Арцём Шрайбман, эканаміст Леў Львоўскі, палітолаг Рыгор Астапеня, медыяэксперты Паўлюк Быкоўскі і Ян Аўсеюшкін, а таксама сацыёлаг Наталля Рабава.

Усе сферы эксперты падзялілі на 4-5 напрамкаў, кожны з якіх, у сваю чаргу, разбіваецца на 4-5 паказнікаў, для якіх эксперты выставілі адзнакі ад − 5 да + 5. Атрымалася − 1,96 агульнакраінавага індэксу. То бок краіна, як і ўсе яе сферы, была і застаецца ў стане крызісу. Разам з тым адносна мінулага года ацэнка крыху палепшылася.

Даведка

Даведка: што азначаюць адзнакі:

ад − 5 да − 4: стан калапсу і на мяжы калапсу;

ад − 3,99 да − 3: крытычны стан;

ад − 2,99 да − 1: крызіс;

ад − 0,99 да + 0,99: стагнацыя;

ад 1 да 2,99: стабільны стан з элементамі развіцця;

ад + 3 да + 3,99: устойлівае развіццё (пераважнае развіццё);

ад + 4 да + 5: агульны прагрэс сістэмы.

Палітыка: нават лаяльнасць рэжыму не заўсёды гарантуе абароненасць

Сфера палітыкі застаецца ў самым цяжкім стане (− 2,40). Найгоршыя адзнакі тут атрымала ўнутраная палітыка (− 4,26), якая трапіла ў зону калапсу. Пры гэтым у вонкавай палітыцы сітуацыя крыху палепшылася (прырост індэксу з − 3,40 да − 2,82), што сведчыць пра пераход з крытычнага стану ў крызісны. Сацыяльная інфраструктура – адзінае, што ацэньваецца экспертамі станоўча.

Эксперты тлумачаць крызісны стан палітычнай сферы Беларусі рэпрэсіямі, якія працягваюцца і пашыраюцца, узмацненнем палітычнай залежнасці ад Расеі і палітызацыяй дзяржаўных інстытутаў. У цяперашніх умовах нават лаяльнасць дзейным палітычным элітам не заўсёды гарантуе абароненасць грамадзянаў. Судовая сістэма татальна залежная і палітызаваная, што ставіць пад пытанне магчымасці рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў на справядлівы суд. Праваахоўныя органы таксама не гарантуюць грамадзянам бяспекі. Ва ўмовах палітызацыі міліцыі і замяшчэння асноўных функцыяў сваіх працаўнікоў міліцыя хутчэй нясе пагрозу, чым бяспеку насельніцтву.

У 2023 годзе дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой часткова адмовіліся ад абслугоўвання сваіх грамадзянаў. Гэта звязанае з пастановай аб спыненні абмену пашпартоў і выдачы іншых дакументаў на тэрыторыі пасольстваў Беларусі ў іншых краінах. Разлічваць на абарону і дапамогу ад прадстаўніцтваў Беларусі за мяжою беларусам не выпадае.

Вонкавыя палітычныя сувязі ўладаў Беларусі звузіліся яшчэ больш на фоне актыўнага ўцягвання вайсковай інфраструктуры ў падтрыманне расейскага войска і прыватных вайсковых наймітаў. За апошні год прадстаўнікі лукашэнкаўскага рэжыму наладжвалі сувязі з недэмакратычнымі краінамі ў межах СНД, АДКБ, ШАС, ЕАЭС. Узмацненне супрацы з недэмакратычнымі карупцыйнымі дзяржавамі пагаршае імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Аднак, адзначаюць эксперты, у процівагу такім дзеянням дыпламатычныя адносіны з дэмакратычнымі краінамі актыўна наладжвае Офіс Святланы Ціханоўскай, падкрэсліваючы розніцу арыенціраў у вонкавай палітыцы прадэмакратычнага грамадства і ўладаў унутры Беларусі.

Адзнакі, датычныя стану палітычнай сферы Беларусі. Скрын з прэзентацыі даследавання індэксу рэзіліентнасці ад Цэнтру новых ідэяў. Крыніца: newideas.center

Эканоміка: ручное кіраванне, рост залежнасці ад Расеі і ізаляцыя краіны

На думку экспертаў, эканоміка Беларусі працягвае быць у крызісным стане, хоць у 2023 годзе адзнакі экспертаў у гэтай сферы палепшыліся з − 2,33 да − 1,85. Такі рост адбыўся шмат у чым дзякуючы паляпшэнню адзнак, датычных эканамічнай базы і рэсурсаў для развіцця.

Эксперты звяртаюць увагу на развіццё адміністрацыйна-камандных метадаў упраўлення эканомікай і на далейшае ўзмацненне манаполіі дзяржаўнага сектару. Узмацняецца трэнд росту залежнасці ад Расеі як гандлёвага партнёра, што перашкаджае дыверсіфікацыі экспартнага рынку. З ростам эканамічнай залежнасці ад РФ эканамічныя рызыкі Расеі робяцца рызыкамі Беларусі, таму ўзмацняецца ізаляцыя краіны ад сусветнай эканомікі. На фоне гэтага стан інвестыцыйнага клімату ў Беларусі, які падтрымліваецца адміністрацыйнымі метадамі, перашкаджае развіццю інавацыйных сфераў у эканоміцы.

Эксперты падкрэсліваюць і крызісны стан прыватнага бізнесу ў сувязі з эміграцыяй насельніцтва з вышэйшай адукацыяй. У той жа час рэгуляванне беспрацоўя ў краіне адбываецца за кошт павелічэння прымусовага адпрацоўвання і іншых ручных механізмаў, а не за кошт інфраструктуры рынку працы (дапамога пры беспрацоўі, кваліфікацыйныя курсы і іншае). Эксперты апісваюць практыкі адміністрацыйнага рэгулявання ў краіне як «прыгон працаўнікоў». Такая палітыка дазваляе падтрымліваць індыкатары занятасці насельніцтва і тлумачыць рост экспертнай адзнакі паказніка забеспячэння занятасці насельніцтва (0,71).

Адзнакі, датычныя стану эканамічнай сферы Беларусі. Скрын з прэзентацыі даследавання індэксу рэзіліентнасці ад Цэнтру новых ідэяў. Крыніца: newideas.center

Сацыяльная сфера: падтрыманне палярызацыі, рэпрэсіі, русіфікацыя

У сацыяльнай сферы вялікіх зменаў практычна няма, яна захавала крызісны стан (− 1,28). Адзіная істотная змена – гэта далейшае пагаршэнне адносінаў дзяржавы і грамадства: падзенне адзнак з − 2,80 да − 3,65, што азначае пераход з крызіснага стану ў крытычны. У крытычным стане застаюцца і грамадскія арганізацыі.

Эксперты звязваюць узмацненне крызісу з ідэалагічным супрацьстаяннем «дзвюх масавых культураў», справакаваных падзеямі 2020 года. Акрамя таго, нават унутры адных і тых жа палітычных частак грамадства можа быць дадатковы падзел, напрыклад, на тых, хто «з’ехаў» і «застаўся», ці на тых, хто «за» і «супраць» вайны. Улады падтрымліваюць палярызацыю і нарастанне сацыяльна-палітычнага канфлікту праз распальванне варожасці і агрэсіўных рэпрэсіяў супраць апанентаў: рэжым працуе на разʼяднанне і раскол соцыуму, адрачэнне ад палітычна непажаданых падзеяў і актараў, а грамадзянская супольнасць не мае магчымасці эфектыўна дзеяць у Беларусі, каб гэтаму супрацьстаяць.

Русіфікатарскі трэнд адукацыі і культуры ідзе поруч з узмацненнем ідэалагічнага выхавання і адукацыі на ўсіх узроўнях. Улады працягваюць прымусовую ліквідацыю арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, разгортваюць палітыку прызнання НДА экстрэмісцкімі.

У той самы час арганізацыі, рэлакаваныя за мяжу, працягваюць сваю дзейнасць і імкнуцца захоўваць сувязь з беларусамі ў краіне. Унутры краіны зʼяўляюцца нішавыя прафіляваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, скіраваныя на дасягненне канкрэтных непалітычных мэтаў, звязаных з экалогіяй, гарадской інфраструктурай. У той жа час доступ грамадскіх арганізацыяў у Беларусі да міжнародных інстытутаў стаў практычна немагчымым.

Эксперты адзначаюць, што нягледзячы на рэлакацыю арганізацыяў грамадзянскага сектару і эміграцыю сотняў тысяч беларусаў, салідарнасць і актыўнасць, звязаная з беларускім парадкам дня, захоўваецца на высокім узроўні. Акрамя таго, эксперты падкрэсліваюць высокі ўзровень цікавасці да палітычнага жыцця сярод прадстаўнікоў дыяспары, гэта тлумачыцца набыццём свабоды выказванняў і палітычнай думкі. На адрозненне ад мінулай хвалі індэксу, эксперты адзначаюць рост арганізацыяў больш радыкальнага тыпу, у аснову якіх кладзецца вайсковы змест.

Адзнакі, датычныя стану сацыяльнай сферы Беларусі. Скрын з прэзентацыі даследавання індэксу рэзіліентнасці ад Цэнтру новых ідэяў. Крыніца: newideas.center
Агляд
Больш за палову беларусаў – за мірныя перамовы. Эксперты – пра страхі беларусаў і стаўленне да вайны
2023.12.21 07:13

Інфармацыйная сфера: запалохванне інтэрнэт-карыстальнікаў на ўзроўні дзяржавы

У інфармацыйнай сферы (значэнне індэксу: − 2,33) адзнакі экспертаў – адныя з самых нізкіх. Эксперты прызнаюць фактычна немагчымымі ўмовы працы для медыяў. Гэтаму напрамку пастаўленая мінімальная адзнака сярод усіх напрамкаў асноўных сфераў: − 4,63 (стан калапсу).

Ва ўмовах рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні недзяржаўных СМІ медыі ў Беларусі працягваюць сваю дзейнасць толькі пры ўмове лаяльнасці палітычным элітам. Дзяржаўныя СМІ атрымліваюць карт-бланш на асвятленне палітычных падзеяў, пры гэтым іх журналісцкая этыка выклікае сурʼёзныя сумневы. Прызнанне медыяў экстрэмісцкімі ўжо стала руціннаю практыкай лукашэнкаўскіх уладаў, што ставіць пад пагрозу свабоду выбару крыніцаў інфармацыі і бяспеку грамадзянаў.

З аднаго боку, эксперты адзначаюць высокі ўзровень інфраструктурнага забеспячэння ў Беларусі: доступ да інтэрнэту, інфармацыйна-камунікацыйныя паслугі, аператары. Аднак на практыцы абавязанні перадаваць даступную онлайн-правайдарам інфармацыю пра карыстальнікаў, цэнзураванне асобных тэмаў і медыйных персонаў не дазваляюць медыярынку не толькі развівацца, але і падтрымліваць статус-кво.

Эксперты падкрэсліваюць, што, калі раней палітыка цэнзуры закранала рэдакцыі медыяў, сёння назіраецца цэнзура ўсёй інтэрнэт-прасторы, узяты курс на запалохванне інтэрнэт-карыстальнікаў на ўзроўні дзяржавы.

Манаполія дзяржаўных СМІ вядзе да іншых доўгатэрміновых наступстваў – вымушанага спажывання прапаганды ці расейскага кантэнту большасцю грамадзянаў, або падпольнага спажывання кантэнту незалежных СМІ. Важным абмежаваннем для працы незалежных СМІ застаецца доступ да інфармацыі, звязанай як з акрэдытацыяй незалежных журналістаў, якая цяпер немагчымая, так і з доступам да герояў рэпартажаў у Беларусі. Эксперты падкрэсліваюць, што адзіная канкурэнцыя на медыярынку вызначаецца не запытам чытачоў выданняў, а запытам палітычных элітаў. Рэдакцыі розных дзяржаўных СМІ рэгулярна даносяць адно на аднаго і спрабуюць выглядаць больш ідэалагічна правільнымі ў барацьбе за размеркаванне бюджэтных сродкаў.

Адзнакі, датычныя стану інфармацыйнай сферы Беларусі. Скрын з прэзентацыі даследавання індэксу рэзіліентнасці ад Цэнтру новых ідэяў. Крыніца: newideas.center

Вайсковая сфера: залежнасць Узброеных сілаў Беларусі ад Расеі

Апошняя, дадатковая сфера – вайсковая. За год яе адзнакі некалькі знізіліся (да − 0,51), хоць і застаюцца самымі высокімі адносна іншых сфераў. Найлепшыя адзнакі атрымаў напрамак «камандаванне войскамі» (+ 0,44), найгоршыя – «саюзнікі» (− 1,28).

Галоўным кантэкстам колькаснага і якаснага ацэньвання гэтай сферы экспертамі стала залежнасць Узброеных сілаў Беларусі ад Расеі. Вайсковы саюз з Расеяй замест меркаваных гарантыяў бяспекі вядзе да супрацьлеглых эфектаў. Хоць фармальна УС РБ падпарадкаваныя галоўнакамандуючаму, фактычна вектар камандавання задае трэці бок – РФ. Эксперты зазначаюць, што хоць узровень вайсковага рыхтавання УС РБ вырас, назіраюцца праблемы ў захаванні афіцэрскага складу ў шэрагах войскаў.

Акрамя таго, у 2023 годзе ўдвая павялічаны абаронны бюджэт, аднак пра яго размеркаванне адкрытай інфармацыі няма. Працягваюцца вайсковыя вучэнні з расейскім бокам, аднак у параўнанні з мінулым годам радзей. Эксперты зазначаюць нястачу рэсурсаў у войску, як матэрыяльных, так і людскіх, а таксама савецкія дактрыны кіравання. Правы вайскоўцаў не пільнуюцца камандаваннем УС РБ. Ва ўмовах палітызацыі задачаў УС РБ (гатовасці да задушэння пратэстаў, абароны палітычнага кіраўніцтва), эксперты выказваюць сумнеў наконт гатовасці вайскоўцаў да выканання любых загадаў камандавання.

У даследаванні з усіх напрамкаў станоўчыя адзнакі атрымалі толькі тры: дыяспара (сфера соцыуму), сацыяльная інфраструктура і інфраструктурныя ўмовы для працы медыяў. Іншымі словамі, у Беларусі цяпер нармальна працуе толькі інфраструктура. Але адзнакі, датычныя стану яе элементаў, пакрысе пагаршаюцца.

Адзнакі, датычныя стану васковай сферы Беларусі. Скрын з прэзентацыі даследавання індэксу рэзіліентнасці ад Цэнтру новых ідэяў. Крыніца: newideas.center
Аналітыка
Беларусы любяць Беларусь, але кожны па-свойму: эксперты – пра нашую нацыянальную свядомасць
2023.12.16 07:00

Беларусь у стане крызісу

Пры параўнанні цяперашняга стану з тымі песімістычнымі чаканнямі, што выказваліся экспертамі ў 2022 годзе, відавочна, што найгоршыя чаканні і прагнозы не апраўдаліся: у расейска-ўкраінскую вайну са сваімі войскамі Беларусь не ўступіла, абстрэлу Украіны з беларускай тэрыторыі больш не вядзецца, абвалу эканомікі краіны не адбылося, насельніцтва станоўча ацэньвае цэнавую палітыку дзяржавы.

Лукашэнкаўскаму рэжыму ў пэўным сэнсе ўдалося ўтрымаць і сацыяльна-палітычную, і эканамічную сітуацыю ў краіне – шляхам захавання рэпрэсіўнага ціску на грамадства і «ручнога» кіравання ў эканоміцы, а таксама ўдасканалення стратэгіяў абыходу санкцыяў і пошуку новых палітычных партнёраў.

Беларусь застаецца ў крызісным стане, што і ілюструюць вынікі экспертных ацэнак. Чыннікамі крызісу застаюцца палітычны ціск на любыя праявы іншадумства, уцягванне ў падтрыманне ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, узмацненне эканамічнай і энергетычнай залежнасці ад Расеі.

Як бачым, агульная дыяграма ўсіх сфераў Беларусі «гарыць» у чырвоных (то бок «крызісных») адценнях. Скрын з прэзентацыі даследавання індэксу рэзіліентнасці ад Цэнтру новых ідэяў. Крыніца: newideas.center

У гэтым годзе эксперты адзначылі і новыя выклікі, што ўплываюць на далейшае развіццё Беларусі. Гэта штучнае рэгуляванне сферы занятасці, курсу валютаў, адмова ўладаў забяспечваць дыпламатычнае абслугоўванне грамадзянаў, якія пражываюць за мяжою, і актыўная перашкода распаўсюду некантраляванай уладамі інфармацыі. Эксперты падкрэсліваюць новыя чыннікі, што вядуць да доўгатэрміновага пагаршэння ўсіх сфераў жыцця грамадства.

Такім чынам, Беларусь як шматгранную сістэму нельга назваць устойлівай. Вынікі індэксу рэзіліентнасці паказваюць, што ва ўсіх сферах сістэма мае крызісны стан або стагнацыю. Галоўным чыннікам, што паўплываў на такія вынікі, стаў палітычны крызіс – сістэма не прайшла стрэс-тэсту ў палітычнай сферы. Гэта ілюструе, як крызіс у адной сферы не абмяжоўваецца рамкамі гэтай жа сферы, а ўплывае на ўсю сістэму, аслабляе яе, змяншае здольнасці сістэмы да развіцця і паляпшэння.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў