У гандбольным свеце пра беларусаў і расейцаў ужо не згадваюць. Пагутарылі са спартоўцамі напярэдадні ЧС


11 студзеня ў польскіх Катавіцах распачынаецца 28-ы чэмпіянат свету па гандболе сярод мужчынскіх нацыянальных зборных. Нягледзячы на тое, што Беларусь мае добрыя традыцыі ў гэтым відзе спорту, нашай зборнай там няма. Беларусь, як суагрэсарку вайны ва Украіне, выканаўчы камітэт Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі адхіліў ад любых міжнародных спаборніцтваў пад эгідаю еўрапейскага або сусветнага гандболу на неазначаны час з 28 лютага 2022 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чэмпіянат Еўропы па гандболе сярод мужчын. Матч групы D: Беларусь супраць Польшчы. Браціслава, Славаччына. 16 студзеня 2022 года.
Фота: Marco Wolf / Imago Sport and News / East News

Сёлетні чэмпіянат стане другім сусветным форумам для гэтага віду спорту ў мужчынаў, які прымаюць адразу дзве краіны: будзе задзеяная рэкордная колькасць арэнаў. Чатыры гады таму 26-ы планетарны чэмпіянат згулялі ў Даніі і Нямеччыне. Тады гульні прымалі два дацкія і чатыры нямецкія гарады, сёлета на мапе турніру такіх гарадоў цэлых дзевяць: чатыры польскія (Гданьск, Катавіцэ, Кракаў, Плоцк) і пяць шведскіх (Стакгольм, дзе адбудуцца ў ліку іншых матч за трэцяе месца і фінал у нядзелю, 29 студзеня), а таксама Ётэборг, Ёншэпінь, Крыст’янстад і Мальмё). На іх за 19 дзён адбудзецца 112 гульняў, пра што можна даведацца з адмысловага медыя-гіда.

Адкрыецца чэмпіянат свету – 2023 двубоем Польшча – Францыя. Адбудзецца ён у Катавіцах, а 23-й гадзіне паводле беларускага часу. Фаварыты ў ім, вядома, «трохкаляровыя».

Беларусь, як вядома, на гэтым форуме не рэпрэзентаваная. Як суагрэсарка вайны ва Украіне яна разам з Расеяй была адхіленая выканкамам Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі ад любых міжнародных спаборніцтваў пад эгідаю еўрапейскага або сусветнага гандболу на неазначаны час з 28 лютага 2022 года.

З нагоды пачатку чэмпіянату «без Беларусі» пагутарылі з былымі супрацоўнікамі гандбольнага клубу «Віцязь-Леон» Аляксандрам Апейкіным, Сяргеем Свірковым і Канстанцінам Якаўлевым. Клуб летась мог адзначыць дзесяцігоддзе свайго існавання, але ў 2020-м вымушана перапыніў развіццё з-за ціску Федэрацыі гандболу на чале з Уладзімірам Канаплёвым.

Адмыслоўцы не развітваюцца з думкаю ўзнавіць «Віцязь», а значыць, застаюцца ў гандболе. «Праўда, цяпер не зусім нават і да такога топ-турніру, як чэмпіянат свету, – прызнаецца «Белсату» прадстаўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Сяргей Свіркоў, які ў свой час быў намеснікам дырэктара ГК «Віцязь». – Паглядзець варта хіба вызначальныя матчы.

«Сёння не да гандболу, як бы моцна я яго ні любіў. Ёсць шмат больш важкіх рэчаў цяпер: вайна ва Украіне, рэпрэсіі ў Беларусі. Цяпер яны галоўныя падзеі ў маім жыцці. І барацьба з беларускім рэжымам, і дапамога гаротным украінцам – найважнейшыя сёння задачы, – кажа Свіркоў. – Ды і чэмпіянат свету без беларусаў і расейцаў анічога не згубіць. Яны штосьці істотнае маглі паказваць толькі ў сярэдзіне 90-х мінулага стагоддзя. Шкада, што сённяшняе вельмі таленавітае пакаленне гульцоў ужо 1996-га года нараджэння так можа нічога буйнога і не дамагчыся з нацыянальнай камандай, калі нас не хутка вернуць у вялікую гандбольную сямʼю».

Сапраўды: Беларусь найлепшы свой вынік прадэманстравала на чэмпіянаце планеты 1995 года ў Ісландыі, заняўшы 9-е месца. Расейцы ўзялі тытул на наступным сусветным першынстве ў Японіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чэмпіянат Еўропы па гандболе сярод мужчын. Матч групы D: Беларусь супраць Польшчы. На здымку – паляк Патрык Вальчак у гульні з беларусам Вячаславам Боханам. Браціслава, Славаччына. 16 студзеня 2022 года.
Фота: Radovan Stoklasa / Reuters / Forum

Зараз іх доля – праводзіць толькі таварыскія двубоі, ды і тое або міжсобку, або з далёка не топавымі зборнымі свету. У інтэрв’ю газеце «Прессбол» чалец нацыянальнай каманды і гулец на пазіцыі лінейнага ў польскім клубе «Вівэ» (Кельцэ) Арцём Каралёк прызнаў відавочнае:

«Звычайна ў студзені я ездзіў са зборнай або на чэмпіянат свету, або на чэмпіянат Еўропы, а цяпер для амбіцыяў – пустэча. За час гэтага невядома яшчэ якога прастою мы моцна згубім у рэйтынгу, і трэба будзе скокнуць вышэй за галаву, каб праз спрэчку з сур’ёзнымі супернікамі трапіць на буйны турнір. Але такі лёс цяпер – ісці менавіта гэтым шляхам».

Зрэшты, гарадзенец Каралёк лічыцца дэмакратычным спартоўцам і быў абураны паслявыбарчым гвалтам. Як і Вадзім Гайдучэнка, які, гуляючы ў чэмпіянаце Францыі, ігнаруе другі запар збор нацыянальнай каманды. А Каралёк пазіраваў нават з бел-чырвона-белым сцягам. Ён не паехаў у Маскву на спарынгі з Расеяй, таму што яму і іншаму нашаму гандбалісту, які гуляе ў нямецкім «Hannover-Burgdorf» – гомельцу Уладзіславу Куляшу – у клубах было не рэкамендавана «шкварыцца» ў гэтых двубоях. Галоўны трэнер беларусаў, алімпійскі чэмпіён Юрый Шаўцоў выказаў непаразуменне: «Мы хочам і гатовыя з усімі гуляць, але чамусьці нам адмаўляюць».

Наконт гэтага кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін у сваім тэлеграм-канале заўважыў: «Юрый Анатольевіч, гэтае «але» – самая жудасная вайна ў Еўропе з 1945 года, дзясяткі тысяч загінулых украінскіх грамадзянаў. Гэтае «але» – больш за тры тысячы ўкраінскіх атлетаў, у тым ліку і гандбалістаў, якія абараняюць радзіму са зброяй у руках. Бо ў іх дом уварваліся бязлітасныя захопнікі. Гэтае «але» – амаль 200 загінулых украінскіх спартоўцаў, у тым ліку і гандбалістаў. Гэтае ж «але» таксама і бамбардаванне мірных украінскіх гарадоў, пакуль вы спакойна гуляеце ў Маскве свае таварыскія матчы. Якога чорта тут палітыка? Вы ў сваім розуме? Вы ўсе працуеце «пушэрамі» прапагандысцкага наратыву «спартоўцы ні пры чым». Вельмі сарамлівая і кволая спроба прыкінуцца шлангам».

Падтрымлівае калегу і Сяргей Свіркоў: «Гульцам зборнай крыўдна, што іх нікуды не пускаюць? А нашто абурацца? Ёсць жа «цудоўная Расея», куды можна вольна паехаць на таварыскія гульні ў самы разгар вайны. У гандбалістаў, як і ў любога чалавека, быў і застаецца, няхай са спазненнем, шанец зрабіць правільны выбар».

Hавiны
Ці дапаможа затрыманне Надзеі Астапчук міністру Кавальчуку?
2022.12.17 17:45

Паводле апытаных намі экспертаў, беларусы і расейцы будуць з зайздрасцю глядзець на баталіі найлепшых зборных свету з самымі знанымі і элітнымі спартоўцамі ў складзе. «Але пры тым, што Беларусь, магчыма, згубіць некалькі пакаленняў таленавітых гульцоў, як толькі ў нашай краіне адбудуцца перамены, мы хутка пачнем усё ўзнаўляць, – лічыць Свіркоў. Гэта будзе вельмі складаны працэс. Але калі-нікалі лепей распачаць усё нанова, каб выбудаваць сістэму, якая будзе працаваць правільна!»

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў