Былы галоўны рэдактар часопісу «Arche» пакінуў Беларусь


Валер Булгакаў з’ехаў з краіны, ратуючыся ад крымінальнага пераследу.

Булгакаў лічыць, што ўлады ставяць дзве мэты: закрыць часопіс і сабраць дастаткова фактаў ды доказаў для пачатку крымінальнага пераследу рэдактара. «Цяпер ідзе гаворка пра крымінальны пераслед. Акрамя эканамічных абвінавачванняў, згадваецца таксама экстрэмізм», – растлумачыў ён.

«Гэта звычайная справа для нашых спецслужбаў. Ім далі каманду прапрацоўваць ўсе версіі. Напрошваецца паралель са справаю Бяляцкага, калі спачатку «капалі» паводле артыкулу аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці», – нагадаў выдавец.

14 верасня Булгакава затрымалі ў Горадні на прэзентацыі кнігі «Саветызацыя Заходняй Беларусі» і звінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. 21 верасня працаўнікі дэпартаменту фінансавых расследаванняў прыйшлі ў друкарню, дзе друкаваўся часопіс, для праверкі. 18 кастрычніка рэдактара за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць аштрафавалі на Br 500 тыс. 24–28 верасня з друкарні сканфіскавалі ўсе дакументы за апошнія два гады дзейнасці. 2 кастрычніка ў Булгакава арыштавалі больш за 5 тысяч асобнікаў кніг. 4 кастрычніка ў падаткавую інспекцыю выклікалі заснавальніка «Arche» Андрэя Дынька. Пасля гэтага было прынятае рашэнне вызваліць Булгакава з пасады рэдактара «Arche», каб выратаваць часопіс. Тым не менш у той жа дзень падатковая заблакавала рахункі часопісу, а працаўнікоў выдання пачалі выклікаць па тэлефоне для падання тлумачэнняў.

Сітуацыя з часопісам стала тэмаю некалькіх сюжэтаў праграмы крымінальнай хронікі Беларускага тэлебачання «Зона Ікс», якія выйшлі ў канцы кастрычніка.

belsat.eu

Стужка навінаў