Ніка Сандрас: дзядзькі ад мастацтва называлі мяне выскачкай (+ фоты з выставы)


Выстава твораў Нікі Сандрас адкрылася ў Беларускім доме ў Варшаве і працягнецца яшчэ тыдзень.

У эксклюзіўным інтэрв’ю для “Белсата” вядомая мастачка і блогерка Ніка Сандрас распавяла пра “народную” нянавісць і любоў.

Белсат: – Ці гэтая выстава мае нейкую канцэпцыю, ці гэта хутчэй проста збор абраных твораў?

Ніка Сандрас: – Канцэпцыі ніякай няма. У мяне ёсць жывапіс і малюнкі, і калі жывапіс мой людзі бачаць і набываюць у інтэрнэце, то малюнкі гэта нешта вельмі асабістае. У жывапісе раблю тое, што падабаецца ўсім, а ў малюнках – тое, што адчуваю. І вось я ўзяла гэтыя малюнкі і прывязла ў Варшаву, таму гэта выстава пра мае пачуцці.

Белсат: – Ці не баішся вось так адкрыта дзяліцца сваім патаемным і асабістым?

Ніка Сандрас: – Баялася! Калі пачынала маляваць, баялася камусці паказваць. Потым села падумала і прыняла такое рашэнне, паказваць свету свае пачуцці, унутраннасці. Усяму на злосць. Цяпер гэта мой выбар. Мае малюнкі таксама падабаюцца людзям – таму, што калі чалавек бачыць перажыванне ён ідэнтыфікуе яго са сваім. Людзі, здаецца, не думаюць, што гэта каштоўнасць у нейкім мастацкім плане, але хутчэй у эмацыйным.

Белсат: – Калі ты пачала маляваць? І ў які момант пра цябе сталі казаць з прыстаўкай “мастачка”?

Ніка Сандрас: – Мастацкай адукацыі ў мяне няма. Але я ўсё жыццё малявала, з дзяцінства. У мяне ёсць прабабкіна біблія і вось я малая там малявала нейкіх чалавечкаў. А аднойчы спявачка Руся прыйшла да мяне ў госці, пабачыла гэтыя малюнкі і сказала, што іх абавязкова трэба паказваць людзям. Бо я малявала ды кідала гэта ўсё пад фатэль на кухні, яно там складзіравалася. З падачы Русі і з яе дапамогай мы зрабілі першую выставу ў Менску, у 2007 годзе, у кавярні “Графіці”. Вось тады мяне і пачалі называць мастачкай.

Белсат: – Былі тыя хто казаў табе, што гэта ўсё не прафесійна, не тваё, кінь гэтым займацца?

Ніка Сандрас: – У 2008 годзе ў мяне была выстава з Ігарам Варашкевічам, пасля якой мяне моцна раскрытыкавалі. Мастацкія знатакі і іншыя дарослыя дзядзькі пісалі, што дзевачка-выскачка і гарызонт завалены. Я адказала, што гэта мой гарызонт і, магчыма, ён гадоў праз пяцьдзесят зробіцца класікай.

Белсат: – Здараліся моманты, калі ты гатова была паверыць гэтым дзядзякам і ўсё кінуць?

Ніка Сандрас: – Кідала маляваць, але гэта было перад тым, як мяне пачалі зваць мастачкай. Калі пачала рабіць выставы, мне стала ўсё адно. Вось унутраная мая істота яна ўпёртая такая, як баран. Вось я малюю і буду паказваць! Не хочаце, не глядзіце! Калісці дзяўчына, якая навучалася ў Акадэміі Мастацтваў, вельмі раскрытыкавала мяне, сказала, што неба не можа быць лімоннага колеру і што, ўвогуле, за дрэнь ты малюеш. І мяне гэта так уразіла і засмуціла, што я тры гады нічога не рабіла. Была яшчэ адна гісторыя. Падыйшлі на выставе да мяне журналісты і запыталі: “А ў вас вось малюнак там, чорны чалавек на тле чырвонага неба. Чаму неба чырвонае?”. Я патлумачыла, што тады ў мяне проста была чорная асадка і чырвоная, таму такі малюнак. Журналісты засталіся незадаволеныя: маўляў, я прымітыўна адказваю на пытанні. Трэба прыдумаваць нейкія легенды? Няхай легенды прыдумваюць мастацтвазнаўцы, якія будуць гэта ўсё потым ацэньваць.

Белсат: – Тэма тваіх малюнкаў адносіны, ці з кімсці, ці з сабой, ці са знешнім светам. А чаму не прырода, не архетыктура, не натура?

Ніка Сандрас:
– Для таго каб маляваць прыроду ці архетыктуру, я думаю, трэба сапраўды ўмець гэта рабіць. Вось калі б я скончыла Акадэмію, то магчыма і ўмела б такое. А я малюю ад таго, што мяне плюшчыць унутры і мне гэта трэба выкласці на паперу, а то я пачну хварэць. Усе мае карціны аўтабіяграфічныя. Я проста малюю свае пачуцці. А на прыроду я проста гляджу ў вакно.

Белсат: – Ніка, ты зрабілася яскравай і папулярнай асобай. Не толькі як мастачка, але і як блогерка. Як ты даеш рады з плынямі негатыву ці зайздрасці ў свой бок?

Ніка Сандрас: – Усё пачалося з паста “Зрабі мне балюча” [пост у “Жывым Часопісе” які ўзарваў рускамоўны інтэрнэт, у ім сцвярджаецца, што пераважную большасць жанчынаў хоць раз у жыцці спрабавалі згвалціць ці згвалцілі – belsat.eu]. Здаецца гэта было ў 2008 годзе, а мне дагэтуль прыходзяць каментары да яго. Тады быў шквал каментароў, сярод якіх было шмат абразлівых і хамскіх, мой блог прыцягнуў да сябе вялікую ўвагу. І вось потым мне год ці два было вельмі цяжка, я плакала, выдаляла блог, вяртала, пакутавала страшэнна. А потым з часам публіка змянілася. Мне цяпер амаль не пішуць хамстваў. Але пачалася другая праблема. Хіба трэба быць шчаслівай ад таго, што цябе любіць вялізная колькасць людзей, а мяне гэта мучыць. У дзень проходзіць толькі лістоў па 50 штук, не лічачы каментароў у сетках. І ўсе жадаюць адказу, усе жадаюць увагі. Але ў мяне на гэта няма ні часу, ні ўнутраных рэсурсаў. І тады гэтая любоў трансфармуецца ў такое “ах, ты дрэнь напышлівая!”. А мне цяжка патлумачыць, што я проста не даю рады з гэтай плыняй. У мяне проста ёсць маё маленькае жыццё: мая мама, мой сябар, мой сабака і г.д. І гэта рэальнае жыццё, я не жыву віртуальным жыццём.

belsat.eu

Стужка навінаў