Маладыя хрысціянскія дэмакраты паспрабуюць зарэгістравацца


У Менску 3 лістапада праходзіць устаноўчы з’езд грамадскага аб’яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» (МХД), моладзевага крыла аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Як паведаміла перад пачаткам афіцыйнай часткі лідарка МХД Марына Хоміч, на з’езд абралі 60 дэлегатаў з усёй Беларусі. “Мы маем намер стварыць грамадскае аб’яднанне для таго, каб абараніць удзельнікаў МХД ад рэпрэсіяў і магчымых справаў паводле артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, – патлумачыла актывістка.

Паводле дзяячкі, прыхільнікі МХД яшчэ 10 кастрычніка падалі 13 заявак на правядзенне ўстаноўчага з’езду арганізацыі ў розныя ўстановы Менску, аднак ім усюды адмовілі, таму з’езд праходзіць у офісе Партыі БНФ.

Дэлегаты плануюць прыняць статут арганізацыі ды абраць кіраўнічыя органы.

Аргкамітэт стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” чатыры разы праводзіў устаноўчыя з’езды, і столькі ж разоў Міністэрства юстыцыі адмаўлялася зарэгістраваць партыю. Спробы абскардзіць адмовы юрыдычнага ведамства ў судзе былі безвыніковымі. Зварот прадстаўнікоў БХД у Вярхоўны Суд сёлета ў красавіку таксама поспеху не меў: разглядаць скаргу хадэкаў там адмовіліся. “Гэта поўнае бяспраўе. Адназначна, што не рэгістраваць БХД – гэта палітычная замова”, – заявіў тады журналістам адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў