«Масад» баіцца тэрактаў у Менску?


Паводле брытанскай газеты “The Sunday Times”, ізраільскія чыноўнікі абураныя тым, што Аляксандр Лукашэнка парушыў захады бяспекі, распавёўшы пра лячэнне ў Беларусі былога кіраўніка ізраільскай выведкі Мэйра Дагана.

Паводле выдання, афіцыйныя асобы Ізраілю баяцца, што экс-кіраўніка “Масаду” ў Менску могуць забіць агенты Ірану або прадстаўнікі інспіраванага гэтаю краінаю ліванскага руху “Хізбула”. У сувязі з гэтым Іерусалім накіраваў у Менск групу афіцэраў “Масаду”. Яны мусяць абараняць свайго экс-шэфа, якія цяпер праходзіць рэабілітацыю пасля перасадкі печані.

Тым часам надзвычайны і паўнамоцны пасол Ізраілю ў Беларусі Іосіф Шагал у інтэрв’ю “Інтэрфаксу” выказаў спадзяванне, што цягам 7–8 дзён стан экс-кіраўніка “Масаду” дазволіць перавезці яго дахаты: “Стан ягонага здароўя стабільны. Дактары называюць “стабільна цяжкім”, але гэта была складаная аперацыя. Трэба ўлічваць ягоны ўзрост”.

Адказваючы на пытанне, ці ўзмацнілі захады бяспекі ў шпіталі, дыпламат сказаў, што “гэта пустыя імправізацыі”: “Вы зразумейце, пра каго ідзе гаворка. Ён прыехаў са сваёй аховаю, вашая, беларуская ахова, – дзве такія сур’ёзныя службы яго ахоўваюць. Можна не турбавацца за ягоную бяспеку”. Паводле Шагала, побач з галоўным шпіёнам Ізраілю цяпер ягоная жонка, дачка і стары правераны сябар, з якім яны разам ужо 45 гадоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары