І швец, і жнец… Лідзія Ярмошына спраўляецца і ў парламенце


Першую сесію новай Палаты прадстаўнікоў да моманту абрання кіраўніцтва правядзе старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

У Менску адкрылася першая сесія ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Сёння дэпутаты будуць вырашаць арганізацыйныя пытанні – выбіраць кіраўніцтва і працоўныя органы. Да абрання старшыні ніжняй палаты сесію будзе весці кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прайшлі 23 верасня. Паводле інфармацыі ЦВК, яны адбыліся ўва ўсіх акругах. У ходзе галасавання былі абраныя 109 дэпутатаў. Па адной з безальтэрнатыўных акругаў – Гомельска-Навабеліцкай – дэпутат не быў абраны, бо за яго прагаласавалі менш за 50 % выбарнікаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні.

Сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў актуальнага склікання 21 асоба ўжо выконвала абавязкі дэпутата ў парламенце мінулага склікання. Шмат якія парламентарыі да свайго абрання былі прадстаўнікамі ўлады: старшынямі райвыканкамаў, начальнікамі аддзелаў, камітэтаў і ўпраўленняў райвыканкамаў, памочнікамі прэзідэнта, намеснікамі старшыняў аблвыканкамаў, старшынямі саветаў дэпутатаў, супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнага кантролю, прадстаўнікамі сілавых ведамстваў (КДБ, ваенныя).

15 дэпутатаў – гэта прадстаўнікі ўстановаў адукацыі, 6 – медыкі, 3 дэпутаты рэпрэзентуюць сферу навукі. Да прафесійных спартоўцаў належыць адзін дэпутат. Сярод 109 абраных дэпутатаў 29 – жанчыны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары