Навукоўцы сцвярджаюць, што мышы ўмеюць спяваць хорам


Амерыканскія навукоўцы адкрылі ўнікальны феномен: мышы могуць валодаць музычнаю памяццю і запамінаць мелодыі, якія чуюць.

Пра гэта паведамілі біёлагі ўніверсітэтаў Каліфорніі і Луізіяны.

“Калі некалькі мышэй-самцоў застаюцца ў адной клетцы з сімпатычнай асобінаю жаночага полу, яны пачынаюць спяваць. Кожны падхоплівае рытм і мелодыку папярэдняга, гарманічна зліваючыся ў адзіны харавы ансамбль”, – адзначаюць біёлагі ў сваім спавешчанні.

Паводле Эрыха Джарвіса, аднаго з кіраўнікоў даследавання, пры спеве мышы могуць наладжваць вышыню свайго голасу да супляменніка, які спявае побач. Навуковец растлумачыў, што сярод жывёльнага свету такую здольнасць раней прыпісвалі толькі птушкам, зараз да іх варта аднесці і мышэй, падае “Бі-Бі-Сі”.

На думку навуковай групы, мышы займаюць прамежкавае месца паводле вакальных здольнасцяў паміж курамі ды пеўчымі птушкамі, або нават паміж прыматамі ды чалавекам.

Адкрыццё зрабілі ў час вывучэння мозгу грызуноў. Высветлілася, што яны здольныя запамінаць гукі ды пачутыя ад супляменнікаў мелодыі. Чалавечае вуха, аднак, не ў стане цалкам пачуць мышыныя песні, бо звяркі спяваюць у частотным дыяпазоне 50–100 кГц, таму людзі чуюць толькі асобныя ноты, якія ўспрымаюць як бессэнсоўны піск.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары