Цэннік ізалятараў: за катлеты з хлеба – 50 тыс. руб.


Ізалятар часовага ўтрымання Віцебскага аблвыканкаму ацаніў на 300 тыс. руб. 6 содняў арышту сябры БХД Яўгена Гуцалава.

Столькі актывіст мусіць пералічыць на рахунак ізалятару. 19 верасня Гуцалава абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага пікецу і асудзілі на 7 содняў арышту. Першых содняў да суда ў рахунак не залічылі. Такім чынам, кожны дзень, праведзены за кратамі, каштаваў 50 тыс.

«Умовы там былі жудасныя: пасцельная бялізна рваная, матрац брудны, – расказаў «Белсату» Яўген Гуцалаў. – У прыбіральню трэба ісці з бутэлькаю вады. Ежа – каша і катлеты, у якіх больш хлеба, чым мяса».

Праваабаронца Наста Лойка сведчыць, што кожны месяц ёй даводзіцца па некалькі разоў дапамагаць у пісанні скаргаў на ўмовы ўтрымання ў месцах зняволення.

«У Менску кошты, якія выстаўляюць ізалятары, прыкладна такія ж, – паведаміла Наста. – Канешне, гэта абсурд. У гэтыя сумы ўваходзіць ежа. Я лічу, тое, што даюць есці ў ізалятарах часовага ўтрымання (ІЧУ) і цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), столькі не каштуе».

Паводле спн. Лойкі, суды адмаўляюцца разглядаць скаргі на ўмовы ўтрымання. Прычына адна і тая ж – «пытанне не падпадае пад кампетэнцыю суда». З вядомым ізалятарам, што па вуліцы Акрэсціна ў Менску, праваабаронцы лістуюцца з 2004 года.

«Яны прызнаюць, што ўмовы не адпавядаюць нормам і штораз пішуць, што робяць усё магчымае. І толькі нядаўна ЦІП на Акрэсціна зачынілі на рамонт», – распавяла праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў