Прадпрымальнікі: Новая дырэктыва рэвалюцыі не зробіць


Каб дакумент пачаў працаваць, патрэбныя дадатковыя пастановы.

“Канкурэнцыя ўсюды, дзе толькі можна, дзяржаўнае рэгуляванне толькі там, дзе неабходна”, – такі прынцып уводзіць новая дырэктыва Аляксандра Лукашэнкі “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні справавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”.

Дакумент абяцае рэвалюцыйныя змены: зрабіць падатковую сістэму Беларусі такою, як у еўрапейскіх краінах, скасаваць залішняе рэгуляванне рынку працы ды скасаваць іншыя перашкоды для прадпрымальнікаў. Усё гэта мае прывесці да “далейшай лібералізацыі беларускай эканомікі, падвышэння яе канкурэнтаздольнасці ды стварэння неабходных умоваў для дынамічнага і ўстойлівага развіцця”.

Аднак яшчэ на стадыі рыхтавання дакументу прадстаўнікі беларускага бізнесу адзначалі, што дырэктыва ў справе лібералізацыі не стане рэвалюцыйным дакументам, які істотна і ў кароткія тэрміны палепшыць прадпрымальніцкае асяроддзе ў Беларусі.

“Па-першае, – адзначае кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова, – дзяржава насамрэч сёння не гатовая праводзіць сапраўдную лібералізацыю. А па-другое, для таго, каб палажэнні, азначаныя ў ёй, запрацавалі, ураду неабходна будзе прыняць дадатковыя пастановы. А гэта азначае, што набыццё моцы закладзеных у дырэктыве рашэнняў расцягнецца на досыць працяглы тэрмін, што яшчэ больш аслабіць яе лібералізацыйны эфект”.

belsat.eu

Стужка навінаў