Міхаіл Мясніковіч заклаў капсулу пад будаўніцтва 15-га заводу швейцарскай фірмы (Фота)


Прэм’ер-міністр Беларусі даў урачысты старт будаўніцтву беларуска-швейцарскага прадпрыемства каля Фаніпалю ў Дзяржынскім раёне.

Новае міжнароднае прадпрыемства, якое будзе вырабляць цеплавозы, трамваі ды электрацягнікі, дасць першую прадукцыю ў 2014 годзе.

«Вытворчасць, якая сёння будзе адкрыта, сапраўды высокатэхналагічная, і гэта тое, чаго ў нас пакуль няма, – сказаў беларускі прэм’ер-міністр. – Мы выдатна ведаем, што заўсёды самыя добрыя паравозы і цеплавозы набываліся ў Заходняй Еўропе, а цяпер яны будуць вырабляцца на беларускай зямлі».

Прадпрыемства каля Фаніпалю станецца ўжо 15-м заводам швейцарскай кампаніі «Штадлер» (Stadler). Апрача Швейцарыі, фірма мае свае прадпрыемствы ў Нямеччыне, Польшчы, Вугоршчыне і Алжыры. «Штадлер» спецыялізуецца на вытворчасці цеплавозаў і электравікоў, хуткасных гарадскіх цягнікоў і трамваяў.

Беларусь падпісала кантракт на набыццё 10 штадлераўскіх электрацягнікоў новага пакалення ў 2010 годзе. Пяць з іх прыбылі ў Беларусь у 2011 годзе, астатнія – у 2012-м. Камфорт новых электравікоў першымі змаглі ацаніць пасажыры на маршрутах з Менску ў Баранавічы, Заслаўе і Воршу. Некалькі месяцаў таму швейцарскія электрацягнікі пачалі ездзіць па лініі Ворша–Крычаў.

belsat.eu

Стужка навінаў