Распродаж рэчаў Джэймза Бонда: запінкі, плаўкі і “Aston Martin”


Грандыёзны аўкцыён стваральнікі серыі кінафільмаў арганізавалі з нагоды 50-й гадавіны першай кінастужкі з вядомым героем – “Доктар “Не”.

Агулам на аўкцыёне выставяць 50 лотаў. Такім чынам, будуць прэзентаваныя рэчы, які “згулялі” ва ўсіх 23 серыях: ад запінак да аўтамабіляў. Большасць з іх можна будзе набыць праз інтэрнэт-аўкцыён да 8 кастрычніка. Дзесяць жа самых знакавых пойдуць з малатка 5 кастрычніка (у Сусветны дзень Джэймза Бонда) у Лондане.

Грошы арганізатары абяцаюць накіраваць на дабрачынныя мэты, у тым ліку – у фонд ЮНІСЕФ.

Майкл Ўілсан, прадзюсар кінакампаніі “EON Productions”, якая стварае фільмы пра вядомага суперагента, кажа, што тут можна знайсці рэчы на любы гаманец. Стартавы кошт самага таннага сувеніра – $ 1200. Гэта талля картаў таро, якую Джэйн Сімур раскладае ў “Жыві і дай памерці”. Самы дарагі лот – $ 230 000 – шасцілітровы “Aston Martin V12 DBS” 2008 г. вытворчасці, на якім Дэньел Крэйг з’яўляецца ў першай сцэне “Кванту міласэрнасці”. Каму не хапае на аўта, можна задаволіцца плаўкамі, у якіх актор зняўся ў “Казіно Раяль”. Іх ацэньваюць прыкладна на $ 4500–7500.

А на амерыканскім аўкцыёне ўчора прыватны калекцыянер набыў сабе за $ 504 000 два пісталеты крымінальнага дуэту часоў Вялікай дэпрэсіі – Боні Паркер і Клайда Бэраў, якія сталі прататыпамі вядомых кінагерояў. Зброю знайшлі на целах злачынцаў пасля таго, як у 1934 г. паліцыя расстраляла іхны аўтамабіль.

belsat.eu

Стужка навінаў