Заўтра сустрэнуцца БАТЭ і «Баварыя». Ганчарэнка разлічвае «даць бой»


БАТЭ не збіраецца здавацца “Баварыі”, заявіў галоўны трэнер барысаўскага клубу Віктар Ганчарэнка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

“У чэмпіянаце Нямеччыны ў суперніка добрая серыя (шэсць перамогаў у шасці стартавых сустрэчах). Але і мы ў добрай форме, – заявіў Ганчарэнка. – Разлічваем паказаць добрую гульню, даць бой. У нас ёсць досвед, добры гульнёвы тонус і кураж”. Памер прэміяльных за станоўчы вынік вызначаны, але Ганчарэнка не спяшаецца “дзяліць шкуру незабітага мядзведзя”.

Паводле Ганчарэнкі, трэнерскі штаб улічыў памылкі мінулага сезону і не стаў перагружаць каманду інфармацыяй пра гэтак моцнага суперніка, як гэта было перад матчам з “Барселонаю”. Склад на гульню вызначаны “на 70–80 %”. Пры падрыхтоўцы да двубою Ганчарэнка кансультуецца з Аляксандрам Глебам, які шмат гуляў у Нямеччыне.

Галоўны трэнер БАТЭ адзначыў, што нямецкі чэмпіянат – адзін з галоўных у Еўропе, дзе гульні праходзяць на высокіх хуткасцях і пры поўных стадыёнах.

Абаронца БАТЭ Арцём Радзькоў заявіў, што не адчувае “звышпавагі” да суперніка, а БАТЭ аддае перавагу футболу ў атацы – таксама, як і “Баварыя”.

Матч БАТЭ – “Баварыя” пройдзе 2 кастрычніка на менскім стадыёне “Дынама”. Пачатак а 21.45. Пасля першага туру супернікі лідаруюць у сваёй групе Лігі чэмпіёнаў. 19 верасня барысаўцы выгулялі ў гасцях у французскага “Лілю” – 3:1, а мюнхенцы – дома ў іспанскай “Валенсіі”, 2:1.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары