«Платформа» заклікае ААН заступіцца за Дашкевіча


Адмысловаму спавяшчальніку ААН у пытанні катаванняў Хуану Мэндэсу адправілі тэрміновае паведамленне пра жорсткае абыходжанне з лідарам міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» Змітром Дашкевічам. Паведамленне адправіла інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа», якая займаецца праблемамі выканання правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі.

У лісце паведамляецца, што пасля незаконнага асуджэння паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) Дашкевіча перавялі з Глыбоцкай папраўчай калоніі (ПК) № 13 у калонію № 20 Мазыра, дзе ён зведаў жорсткае абыходжанне з боку адміністрацыі калоніі.

Прэсінг у калоніі

За некалькі дзён у ПК-20 Дашкевіч «пад рознымі прычынамі быў пазбаўлены кароткатэрміновых і працяглых спатканняў, харчовых пасылак і перадачаў», гаворыцца ў лісце. Апрача таго, паведамляе «Платформа», штодня зняволенага выклікаюць на камісію, якая складаецца з кіраўнікоў калоніі, дзе ён падвяргаецца: «знявазе ў грубай форме», чуе «пагрозы зрабіць з яго хворага, які будзе пакутаваць на псіхічныя захворванні, з прымусовым лячэннем» і «пагрозы змясціць яго ў штрафны ізалятар, дзе, як пагражае начальнік рэжымнага аддзелу, ён будзе падвергнуты сексуальнаму гвалту з боку іншых зняволеных», «фізічнаму знішчэнню».

«Платформа» выказвае занепакоенасць з «умоваў утрымання Змітра Дашкевіча ды пагрозаў ягонаму жыццю і здароўю, што выказваюцца ў адкрытай форме працаўнікамі пенітэнцыярнай сістэмы».

Праваабаронцы заклікаюць адмысловага спавяшчальніка ААН у пытанні катаванняў: звярнуць увагу на ціск у дачыненні Змітра Дашкевіча; уступіць у кантакт з урадам Беларусі «з мэтаю перадухіліць катаванні і гвалт у дачыненні Змітра Дашкевіча»; скласці запыт на візіт у Беларусь для «дэталёвага азнаямлення з сітуацыяй Змітра Дашкевіча, жыццю якога пагражае небяспека».

З палітвязня зрабілі «злоснага парушальніка»

Старшыня «Маладога фронту» адбываў пакаранне ў ПК-13 у горадзе Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным паседжанні ў калоніі № 13 прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі ды прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі паводле першай крымінальнай справы.

Паводле інфармацыі прэс-службы «Маладога фронту», 19 верасня Дашкевіч паступіў у ПК-20 Мазыра, а 21-га – абвесціў галадоўку ў звязку з «нечалавечымі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага». Паводле наяўных звестак, цяпер Зміцер утрымліваецца ў штрафным ізалятары.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дашкевіча палітычным вязнем.

belsat.eu

Стужка навінаў