Міністэрства культуры ўзялося за мясціны, звязаныя з паўстаннем Каліноўскага


Яны атрымалі новы статус: Міністэрства культуры ўнесла іх у спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Адпаведную прапанову туды накіравала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

26 верасня старшыня таварыства Антон Астаповіч атрымаў афіцыйны адказ з паседжання Навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры. Спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў папоўнілі магіла паўстанцаў у Косаве, мемарыял на месцы Мілавідскай бітвы 1863 г. (Берасцейская вобласць) і магіла паўстанцаў у вёсцы Плябань Маладзечанскага раёну Менскай вобласці.

У Косаве пахаваныя тры паўстанцы – Лукашэвіч, Красінскі і невядомы інсургент, паведамляе сайт Добраахвотнага таварыства помнікаў. Калісьці тут вяліся актыўныя баявыя дзеянні. У 1928 г. у гонар дзесяцігоддзя адраджэння самастойнай польскай дзяржавы на магіле ўсталявалі гранітны крыж.

Пад Мілавідамі ў 1863 г. каля 800 паўстанцаў змагаліся з царскім войскам. Вядома, што ў баі ўдзельнічалі паплечнікі Кастуся Каліноўскага Францішак Багушэвіч, Міхаіл Андрыёлі, Францішак Юндзіл, Ісідар Лукашэвіч і Аляксандр Лянкевіч. У 1913 г. расейскія ўлады ўсталявалі ўзбоч дарогі, што падзяляе поле бітвы, праваслаўны крыж загінулым царскім жаўнерам. У 1930–1933 гг. да 70-гадавога юбілею паўстання польскі ўрад збудаваў насупраць крыжа мемарыяльную каплічку.

У магіле паўстанцаў у Плябані пахаваныя кіраўнік паўстання 1863 г. на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне Юльян Бакшанскі, ягоныя аднадумцы і памочнікі Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Панькоўскі і гімназіст Сулістроўскі. Свой апошні бой яны прынялі каля тутэйшай вёскі Свечкі ад карнага аддзелу расейскіх войскаў 4 сакавіка 1863 г. На магіле паўстанцаў у 1921 г. быў пастаўлены помнік.

belsat.eu

Стужка навінаў