Перасталі працаваць сайты БХД і кампаніі партыйнага назірання «За справядлівыя выбары»


Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэту стварэння БХД Дзяніс Садоўскі, беларускія карыстальнікі не могуць адкрыць сайт прыкладна з 19-й гадзіны. “Цікава, што сайт не могуць адкрыць толькі беларускія карыстальнікі, за мяжою ён даступны. Гэта значыць, што сайт “закрыў” першасны правайдар – “Белтэлекам”. Я раю для доступу на сайт карыстацца праграмамі-ананімайзарамі”, – сказаў Садоўскі.

Ён лічыць, што спыненне працы сайту звязанае з тым, што на ім публікаваліся альтэрнатыўныя лічбы яўкі выбарцаў на ўчасткі ды факты парушэнняў падчас галасавання. “Тым не менш нашыя назіральнікі працягваюць працаваць, і пасля 20-й гадзіны мы назавем першыя папярэднія лічбы яўкі паводле меркавання нашых назіральнікаў”, – сказаў Садоўскі.

Прэс-сакратар кампаніі “За справядлівыя выбары” Анатоль Гуляеў паведаміў, што і з іх сайтам такая ж сітуацыя. “Ён таксама не адкрываецца для беларускіх карыстальнікаў прыкладна з 19-й гадзіны, але даступны замежным карыстальнікам, і працаўнікі тэхнічнай службы таксама кажуць, што тут праблему стварыў “Белтэлекам”, – сказаў Гуляеў.

belsat.eu

Стужка навінаў