Суаўтар „няправільнай кнігі” пра гісторыю Горадні спрабуе аднавіцца на працы


Кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч мяркуе, што яго звольнілі з-за ўдзелу ў аўтарскім калектыве падручніка «Гродназнаўства».

Андрэй Чарнякевіч працаваў на кафедры эканамічнай тэорыі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. 21 верасня ён разаслаў у медыі адкрыты ліст да першага прарэктара Святланы Агіявец, якая курыруе ідэалагічную працу і кіраванне персаналам. «Шчыра разлічваю на перагляд рашэння і адмену зробленай мне заўвагі», – піша Чарнякевіч.

Гісторык мае на ўвазе заўвагі быццам за парушэнне працоўнай дысцыпліны. Папярэджанні датычылі спазнення Чарнякевіча на заняткі на некалькі хвілінаў. «У першым выпадку я затрымаўся хвілінаў на пяць у дэканаце факультэту матэматыкі ды інфарматыкі, удакладняючы расклад заняткаў, а ў другім затрымка складала яшчэ меншы час, прытым я сам папрасіў студэнтаў крыху пачакаць, маючы неабходнасць прыняць лекі», – піша выкладчык.

Таямнічы «Сан Саныч»

10 верасня, за два дні да звальнення, Андрэя Чарнякевіча тэрмінова выклікаў да сябе загадчык Цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэту. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічаў загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэту і працаўнік КДБ. Апошні назваўся «Сан Саныч».

«Асноўнаю тэмаю сустрэчы быў мой удзел у працы аўтарскага калектыву для выдання падручніка «Гродназнаўства». Сама гутарка формаю хутчэй нагадвала допыт і не мела, на мой погляд, прамога дачынення да маіх прафесійных абавязкаў, – гаворыцца ў лісце гісторыка. – Атрымліваецца, што адзінаю прычынаю таго, што здарылася, ёсць выхад падручніка па гісторыі Горадні. Магу яшчэ раз падкрэсліць, што мне не сорамна за сваю працу».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прэтэнзіі з боку ідэолагаў да аўтараў кнігі «Гродназнаўства» палягаюць на тым, што ў ёй ёсць выявы гербу «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцягу, а таксама на тым, што падручнік заканчваецца 1991 годам і не разглядае гісторыю Горадні ў перыяд незалежнасці Беларусі.

Кніга «Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада» выйшла ў выдавецкай серыі «Гарадзенская бібліятэка», заснаванай лідарам руху «За Свабоду!» Аляксандрам Мілінкевічам.

belsat.eu

Стужка навінаў